Павел Сапелка: Адказвайце смела

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў сваім блогу "Слова аб праве" ў "БелГазеце" апісвае, як праходзіць адміністрацыйны працэс у дачыненні да затрыманых на мірных акцыях і што рабіць, каб зберагчы сябе ад міліцэйскага самавольства.



Мінск, 14 ліпеня. Фота: spring96.org

Мінск, 14 ліпеня. Фота: spring96.org



Нешта стала небяспечна гуляць па горадзе, кажуць мне знаёмыя. Так, не без таго. Асабліва небяспечна тым, хто нядаўна ступіў на зыбкую сцежку актывізму (асабліва палітычнага) і са здзіўленнем даведаўся, што вось тыя "хлопцы ў чорным" на самай справе — гэта зусім не хлопцы і не сябры чалавека, а тыя, хто, карыстаючыся абаронай мундзіра, можа беспакарана збіць любога, хто стане на шляху. Ці нават дагнаць таго, хто ўцячэ са шляху, і таксама збіць. Яшчэ там ёсць мярзотнікі, якія нахабна хлусяць у судах — іх з дзяцінства не навучылі, што хлусіць дрэнна, а цяпер ужо позна, ды і няма каму.

Не трэба ілюзій і казак пра тое, што яны вас у глыбіні душы любяць, а працу — не. Усё зусім наадварот: пакуль вы ўкалваеце на сваіх айцішачных галерах, ганяеце па горадзе з таварам сваёй або чужой (як пашанцавала) інтэрнэт-крамы і думаеце, як прадаць каву ў кардонным стаканчыку або ў тэрмін даставіць піцу, яны набіраюцца сілаў, льготных крэдытаў і ўпэўненасці ў сваёй перавазе. І неразумна вы думаеце, калі лічыце іх удзячнымі за вашы шчодрыя і не вельмі падаткі, якімі аплачваюцца іх зарплаты, кватэры ў панэльках і не толькі.

Гэта я ўсё да таго, што, збіраючыся пагуляць у гэты неспакойны час, вырашыце для сябе, ці варта яно таго. А калі вырашылі, што так — то дык смела і адказвайце потым у судзе: карыстаўся сваім канстытуцыйным правам на мірнае выказванне меркаванняў і свабодай масавых мерапрыемстваў, якія не парушаюць грамадскі парадак.

У гэтыя дні кожны другі пытаецца: як засцерагчыся ад самавольства і што рабіць, калі не атрымалася? Ды няма, уласна, ніякіх універсальных ідэй. У дні падвышанай актыўнасці ўсе механізмы прымусу пачынаюць працаваць у канвеерным рэжыме, і спадзявацца на захаванне правоў, якія ўлады нярэдка ігнаруюць і ў лепшыя часы, зусім наіўна. Што вам з таго, што Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП, калі коратка) прадугледжвае ваша права на званок родным на працягу трох гадзін з моманту затрымання з паведамленнем аб вашым гаротным лёсе, калі вы гадзіну пасля ўзяцця ў палон ездзіце ў амапаўскім або трафейным, захопленым у народнай адукацыі "хлопцамі ў чорным", школьным аўтобусе, а потым пяць гадзін стаіце каля сцяны ў двары РУУС, лічачы зоркі, калі пашанцуе з надвор'ем?

Таму прапанова простая: накіроўваючыся на шпацыр, паведаміце родным і блізкім пра планы і прапануеце пачаць турбавацца за вас у гадзіну Х. Да пагалоўных затрыманняў пакіньце небяспечнае месца, калі не планавалі сустрэчу з рэпрэсіямі на гэты дзень ці вечар. Калі не пашанцавала і вас затрымліваюць — паспрабуйце паведаміць свае дадзеныя навакольным; ёсць шанец, што ваша імя з'явіцца ў спісах затрыманых, напрыклад, на сайце spring96.org. Там жа, дарэчы, можаце пашукаць дадзеныя сваіх блізкіх, схільных да шпацыраў у цэнтры горада і не вярнуўшыхся без прычын у прызначаны тэрмін.

Паколькі прыстойных і спагадлівых людзей у міліцыі крытычна не хапае, не турбуйцеся, калі ва ўсіх райаддзелах унутраных спраў горада дзяжурныя стануць запэўніваць вас, што ў іх РУУС затрыманых не прывозілі: гэта не азначае, што ваш згублены знаёмы абавязкова ў бальніцы ці яшчэ дзе горай. Вам проста зманілі: ніякія перажыванні родных не крануць суровае сэрца чалавека ў пагонах, якому начальнікі сказалі маўчаць і не прыцягваць натоўпы наведвальнікаў у "дзяжурку". А ёсць яшчэ такі варыянт: дзяжурны ведае, што паўсотні небаракаў мерзнуць у двары, але хто з іх той самы, патрэбны вам?

Ёсць яшчэ такое права, пра якое ведаюць усе, але могуць рэалізаваць нямногія: права на адваката. У тэорыі адвакат павінен быць дапушчаны да справы і да затрыманага адразу пасля затрымання, але на практыцы ўбачыць свайго кліента не так хутка, як хацелася б яму і падабароннаму. Спачатку затрыманаму трэба было б выбраць сабе адваката, потым адвакату трэба даць ведаць пра сваю бяду, заключыць з ім дамову.

Стоп, а як сабе выбраць адваката, стоячы без тэлефона ўсё там жа, каля сцяны РУУС, і як потым адвакат прабярэцца да вас, калі аб вашым затрыманні можа нават не ведаць дзяжурны на ўваходзе ў РУУС? І гэта я ўсё пра таго добрага адваката, які не запатрабуе ад вас перадаплаты ў касу кансультацыі, якая адкрыецца ў 9.00 наступнай раніцы. Таму такая опцыя спрацоўвае, толькі калі вашы блізкія забяспечылі вам гэтыя магчымасці з волі, дзе ёсць тэлефон, грошы і інтэрнэт.

Затрыманыя стаяць каля сцяны. Фота з сайта "БелГазеты"

Затрыманыя стаяць каля сцяны. Фота з сайта "БелГазеты"


Ёсць яшчэ шмат розных працэсуальных правоў — іх у тэорыі павінен растлумачыць афіцэр, які будзе складаць пратакол ці браць тлумачэнне. Папярэдне ў парадку самаразвіцця іх можна вывучыць па запыце "Правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс".

Асноўныя з іх:

·        ведаць, здзяйсненне якога адміністратыўнага правапарушэння ставіцца ў віну;

·        даваць тлумачэнні ці адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;

·        пярэчыць супраць дзеянняў суддзі (калі да гэтага дойдзе справа), службовай асобы міліцыі і патрабаваць унясення сваіх пярэчанняў у пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне ці ў пратакол працэсуальнага дзеяння;

·        знаёміцца з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні пасля заканчэння падрыхтоўкі яе да разгляду.

Нарэшце — удзельнічаць у разглядзе сваёй справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, калі і да гэтага дойдзе.

Сумная навіна — гэтага разгляду можна на працягу трох сутак чакаць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) або ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

Потым будзе вызваленне са штрафам або без, альбо працяг "адпачынку" ў ЦІП або ІЧУ — вырашыць гэта суд. Яго рашэнне можна абскардзіць на працягу пяці дзён (арышт) ці дзесяці (штраф ці папярэджанне). Праўда, за гэта прыйдзецца заплаціць дзяржпошліну, яны розныя і залежаць ад віду і памеру накладзеных спагнанняў.

Дарэчы, "адпачынак" у ЦІП і ІЧУ бясплатныя, а вось мясцовае харчаванне — не. 13 рублёў 50 капеек за суткі. Заплаціць лепш, не зацягваючы і не чакаючы выканаўчага надпісу натарыуса (таксама платнага).

sapelko_mini3.png


Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна". Эксперт і аналітык, каардынатар розных праграм, накіраваных на абарону правоў чалавека.