Гродна: Каляровы дворык і дрэва для абдымкаў ля Хоспіса

Гродзенскі дзіцячы Хоспіс працягвае здзіўляць прыгожымі акцыямі: разам з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Гродна і Дзіцячай паліклінікі №2 яны ператварылі тэрыторыю, прылеглую да будынку хоспіса, у маляўнічы ўтульны дворык. 

get_img_2.jpeg


23 красавіка каля будынку хоспіса закіпела праца: некалькі дзесяткаў чалавек з рыдлёўкамі, граблямі і іншым інвентаром пачалі ўладкоўваць тэрыторыю. Адны спілоўвалі старыя дрэвы і рыхтавалі месца для дзіцячай пляцоўкі, другія збіралі дзіцячую пясочніцу і лаўкі, нехта высаджваў піхты і кветкі, а некаторыя, узброіўшыся пэндзалямі і фарбамі, раблі дворык сапраўды каляровым.


«Супрацоўнікі ДАІ звярнуліся да нас з пытаннем, чым могуць нам дапамагчы, і гэта было вельмі дарэчы — разам мы ўзяліся добраўпарадкаваць і азеляніць тэрыторыю хоспіса і 2-ой дзіцячай паліклінікі, каб стварыць утульны «Каляровы дворык» для дзетак і іх бацькоў. Новая пляцоўка стане працягам таго цуда, які мы пачалі ствараць са з'яўленнем сэнсарнага пакою», — распавяла кіраўнічка «Гродзенскага дзіцячага хоспіса» Вольга Шульга.

Вольга Шульга

Вольга Шульга


У задуме дапамаглі і простыя жыхары Гродна — яны прынеслі для хоспіса дрэвы, туі, кветкі, якія высадзілі на клумбах валанцёры. Акрамя гэтага, у дворыку з’явілася «мэбля» — канапкі ды лаўкі, а таксама пясочніца.



«Усё зробленае з паддонаў — мы імкнемся, каб наша задума мела экалагчны напрамак. На наступным тыдні мы будзем размалёўваць сцены будынку. Думаю, праз месяц у Гродне з’явіцца цікавы дворык, якога яшчэ няма ў горадзе. Мы спадзяемся, што гэта стане прыгожым прыкладам, і такіх месц будзе станавіцца ўсё больш і больш», — адзначыла Вольга Шульга.

get_img13_1.jpeg


Акрамя гэтага, у двары дзіцячага хоспіса з'явілася дрэва для абдымкаў, якое валанцёры «апранулі» ў рознакаляровую пражу, а ў планах — усталяванне доміка ў скандынаўскім стылі

get_img14_1.jpeg


«Мы б яшчэ хацелі паставіць тут домік — чырвона-бела-чорны, ён будзе пераклікацца з дызайнам будынку. Але ў нас з’явілася вельмі хворае дзіцё, кошт доміка і кошт медыцынскага абсталявання аказаўся аднолькавым. Канешне, мы вырашылі, што домік пачакае, лепш купіць абсталяванне дзіцёнку. Спадзяюся, людзі адгукнуцца на нашу просьбу дапамагчы і домік з часам усё ж з’явіцца, тады каляровы дворык будзе цалкам гатовы», — сказала Вольга Шульга.

get_img15_1.jpeg
get_img17_1.jpeg


Фота Вольгі Корсун, "Твой стыль"