Фестываль нацыянальных культур у Гродна перанеслі з-за Усебеларускага сходу
ХІ Фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 4–5 чэрвеня — на дзень пазней, чым планавалася.
Фестываль перасунулі з-за супадзення з Усебеларускім народным сходам.
"Мы вырашылі не пераносіць фестываль на пазнейшыя тэрміны, бо далей ідуць іншыя мерапрыемствы, якія былі загадзя запланаваны. Мы не адмовіліся ад ніводнай падзеі, адбыліся толькі невялікія змены ў часе ў некаторых выступах і канцэртах", — распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкi.
Распачнецца свята ў суботу, 4 чэрвеня, у 11.00 традыцыйным шэсцем удзельнікаў з плошчы Леніна на плошчу Савецкую. Падворкi нацыянальнасцей, што ўдзельнічаюць у фестывалі, запрацуюць ужо з 12.00.
Калі два гады таму фестываль адкрываўся на стадыёне, то сёлета адкрыццё пройдзе на Савецкай плошчы.
Плануецца, што ўдзел прыме каля 800 чалавек з 36 нацыянальна-культурных аб'яднанняў.
Гэтым разам на фестывалі будуць прадстаўнікі пяці новых краін: Чачні, ЗША, Нігерыі, Сірыі і Шры-Ланкі. Усе яны арганізуюць свае падворкi, дзе можна будзе пазнаёміцца з іх культурамі. Арганізатары фестывалю плануюць прадставіць Гродна ў выглядзе своеасаблівай маленькай планеты, дзе ў кожнай нацыянальнасці будзе свой дом-падворак.
Вядома, што на фестывалі будзе шмат музыкі.
5 чэрвеня раніцай выступіць ансамбль "Бяседа", вечарам жа выступяць сапраўдныя зоркі. Спіс яшчэ не агалошваецца, бо дагэтуль вядуцца перамовы. На закрыцці, увечары 5 чэрвеня, хэдлайнерамі будуць "Pawa" і "J-МОРС".