Чарговую скаргу праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі пакінулі без задавальнення

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які адбывае тэрмін у магілёўскай турме №4, працягвае аспрэчваць спагнанні з боку сістэмы выканання пакараняў.

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org


Як паведаміў “Магілёўскай Вясне” праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на працэсе, скаргу Бандарэнкі нават не сталі разглядаць па сутнасці і пакінулі без задавальнення з-за заканчэння тэрміну абскарджання.

Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа Іннавэйшн» 5 мая гэтага года ляжаў у дзённы час на ложку, што забаронена распарадкам дня магілёўскай турмы №4. За гэта яму было вынесена дысцыплінарнае спагнанне з боку адміністрацыі турмы.

Андрэй Бандарэнка не пагадзіўся з ім і абскардзіў яго ў пракуратуры двойчы. Галоўным яго довадам было тое, што ён і раней дазваляў сабе ляжаць на ложку ў гэты час, аднак ніякіх санкцый з боку кіраўніцтва папраўчай установы не было. У доказ сваіх слоў, праваабаронца хадайнічаў запатрабаваць запісы з відэакамеры, усталяванай у памяшканні, дзе ён адбывае тэрмін. Аднак прадстаўнік турмы, які прысутнічаў на працэсе заявіў, што запісы захоўваюцца толькі тры месяцы, таму гэта немагчыма.

Суддзя Галіна Тарасава, якая вяла працэс, не стала разглядаць скаргу па сутнасці. На думку суда, Андрэй Бандарэнка мог скарыстацца правам абскардзіць спагнанне ў судзе на працягу месяца пасля яго вынясення. Такім чынам, Тарасава адмовіла ў скарзе з прычыны заканчэння тэрміну для звароту.

Адвакат Вадзім Мушынскі, які прадстаўляў інтарэсы Андрэя Бандарэнка ў судзе, заявіў, што яны маюць намер абскардзіць рашэнне суда.

Чакаецца, што праваабаронца падасць яшчэ некалькі скаргаў на дзеянні кіраўніцтва месцаў пазбаўлення волі, дзе ён адбываў свой тэрмін.



spring96.org