«Я абвесціў сухую бестэрміновую галадоўку...»

Ліст вязня СІЗА № 7 Мікалая Бяльчука апублікаваў сайт "Берасцейская Вясна".

На здымку бачна як Мікалай спрабуе засланіць брата Аляксандра ад раз’юшанага інспектара Неліповіча.

На здымку бачна як Мікалай спрабуе засланіць брата Аляксандра ад раз’юшанага інспектара Неліповіча.

Нагадаем, 9 траўня 2014 года па распараджэнні вышэйшага кіраўніцтва капітан міліцыі Неліповіч паспрабаваў адабраць самаробны трактар фермера Аляксандра Бяльчука. Аляксандар трактар не аддаў, бо Неліповіч не змог прад’явіць неаспрэчных падстаў для сваіх дзеянняў. Але ў выніку канфлікту Аляксандр Бяльчук адседзеў 3 месяцы ў турме горада Баранавічы, а ягоны брат Мікалай быў абвешчаны ў вышук.
На судзе інспектар Неліповіч сцвярджаў, што Аляксандар яго пабіў, а Мікалай пакусаў.
Доказаў прадстаўлена не было, суд кіраваўся “прэзумпцыяй даверу супрацоўніку міліцыі”.
Мінула два гады. Мікалай нідзе не хаваўся, працаваў, ніякіх позваў з міліцыі не атрымліваў, але неўзабаве 12 кастрычніка невядомыя людзі ў цывільным на цывільным аўто схапілі яго і кінуліся наўцёкі. Аднавяскоўцы падумалі: “Бандыты!” і кінуліся на паратунак...
Як вынікае з лістоў выкрадзенага, падчас затрымання Мікалай быў збіты да непрытомнасці. Нават лекар СІЗА адмовіўся яго прымаць, таму што Мікалай быў “ніякі”. Пазней нехта з лекараў шпіталя па вул. Леніна выдаў даведку, што Мікалай здаровы і тады яго прынялі ў СІЗА.
Мікалай мяркуе, што той лекар яго ўвогуле не бачыў. Мікалай доўгі час марна намагаўся дабіцца справядлівасці па факце ягонага збіцця. І ў рэшце-рэшт мусіў пайсці на скрайнія меры — ад 8 гадзіны раніцы 1 лістапада Мікалай Бяльчук абвесціў сухую галадоўку “ў сувязі з бязмежжам работнікаў МУС-міліцыі, следчых, работнікаў СІЗА, работнікаў пракуратуры, судоў, работнікаў аховы здароў’я”, — як ён піша ў сваім лісце. 

img_131120162.jpg


Мікалай патрабуе, каб кіраўніцтва СІЗА паведаміла аб галадоўцы ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, на “Белсат”, блогеру Пятрухіну, “апазіцыянерам” Вялічку і Малею, бацькам і сям’і. Мікалай заяўляе, што спыніць сваю галадоўку толькі пасля сустрэчы з журналістамі і вышэй названымі асобамі.
Гэтае пісьмо было напісана 1 лістапада, адпраўлена з СІЗА 10 лістапада і атрымана сваякамі 11 лістапада. Бачна, што кіраўніцтву СІЗА спатрэбілася 10 дзён, каб пераканацца ў сур’ёзнасці намераў вязьня.
Сям’і і сваякам Мікалай піша аб скаргах у абласную пракуратуру, следчы камітэт, аб сваім затрыманні і прычыненне шкоды ягонаму здароў’ю.
У сваіх пісьмах Мікалай пытаецца, хто з супрацоўнікаў міліцыі рваў на ім вопратку, распранаў і кідаў непрытомнага і голага ў камеру. Тры змены ахоўнікаў бачылі ўсё гэта і мілаваліся голым бездапаможным чалавекам. Зараз міліцыянты перакладваюць віну за тое, што адбылося, на сукамернікаў. Сам Мікалай у віну сукамернікаў ня верыць.
Мікалай Бяльчук піша, што кіраўніцтва СІЗА разбірацца ў гэтай справе не пажадала, таму ён пайшоў на скрайнюю меру – сухую галадоўку. 
“Вы (родныя) мяне не зразумееце, але маё рашэнне цвёрдае...” — піша Мікалай.