Чарговы прысуд у Мінску: сяброў пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту

У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 чэрвеня завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксея Галіеўскага і Вячаслава Крута. Абодвух абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК), паведамляюць праваабаронцы.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Па матэрыялах абвінавачання, Аляксей і Вячаслаў прынялі ўдзел у масавай акцыі пратэсту ў Мінску напрыканцы жніўня 2020 года. Факт удзелу ў несанкцыянаванай акцыі падцвярджаўся фотаздымкамі, выяўленымі ў тэлефоне Крута, дзе яны зафіксаваныя на фоне супрацоўнікаў міліцыі, а таксама відэа з камер назірання.

У выніку суддзя Анастасія Ачалава пастанавіла прызначыць Галіеўскаму і Круту пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады. Сяброў вызвалілі з-пад варты ў зале суда.