Чатырох супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі выклікалі ў РУУС. Яны былі на акцыі ля ўласнага будынка

Чатыры супрацоўнікі Белдзяржфілармоніі атрымалі позвы ў Савецкае РУУС Мінска. Пра гэта TUT.BY паведамілі іх калегі.

Пратэст ля філармоніі

Пратэст ля філармоніі

Па словах супрацоўнікаў, першапачаткова ў позвах наогул не было пазначана, па якім пытанні іх выклікаюць у РУУС і ў якім статусе. Пасля гэтага супрацоўнікі праваахоўных органаў напісалі ад рукі, што выклікаюць у якасці сведак. Таксама яны дадалі, што 20 жніўня гэтыя людзі былі заўважаныя каля сцен Белдзяржфілармоніі.
Чацвёра супрацоўнікаў абавязаны з'явіцца сёння, 24 жніўня ў Савецкае РУУС горада Мінска.
13 жніўня прыблізна 85 артыстаў і супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі правялі акцыю пад сценамі свайго будынка. У акцыі ўдзельнічалі артысты і супрацоўнікі Камернага хору і Камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, Капэлы імя Шырмы, ансамбля «Харошкі».
Яны трымалі ў руках плакаты «Стоп — гвалт», «У мяне скралі голас», «Мы, беларусы, мірныя людзі» і іншыя, выконвалі песні.
Пазней на афіцыйным сайце Белдзяржфілармоніі з'явілася афіцыйная заява творчых калектываў. У ёй сцвярджалася, што гаворка не ідзе ні пра які страйк.
— Усе калектывы Беларускай дзяржаўнай філармоніі працуюць у звычайным рэжыме, рыхтуюцца да новага канцэртнага сезону. Мы зацікаўлены ў стабільнай, творчай працы ў нашым мірным і выдатным горадзе Мінску. Таму сёння мы выказаліся за спыненне сілавога супрацьстаяння і вырашэнне ўсіх пытанняў выключна ў рамках закона. Мы хочам спакойна хадзіць па вуліцах любімага горада і вяртацца дадому, не баючыся стаць выпадковымі ахвярамі сутыкненняў падчас несанкцыянаваных пратэстных акцый і не жадаем, каб пачуццё страху паралізавала нашу магчымасць тварыць і даваць канцэрты.
Акцыі праходзілі аж да 21 жніўня (пятніца). Цяпер, па словах супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі, яны асцерагаюцца праводзіць іх з-за ціску з боку праваахоўных органаў.