Дырэктарка «Экадома», якую затрымалі днямі ў цэнтры горада, асуджаная на 13 сутак
6 кастрычніка невядомыя людзі ў масках затрымалі дырэктарку грамадскага аб'яднання "Экадом" Марыну Дубіну. Падчас затрымання выкарысталі балончык з газам. Цяпер стала вядома, што дзяўчыну асудзілі на 13 сутак, паведамляе TUT.BY.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
8 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разгледзелі справу Марыны Дубіны — актывісткі, дырэктара грамадскага аб'яднання "Экадом". Дзяўчыну асудзілі на 13 сутак па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Да гэтага справу адпраўлялі на дапрацоўку.
Нагадаем, 6 кастрычніка на прахадной «Корпуса № 6» на Куйбышава, 22, Марыну затрымалі невядомыя ў форме, але без апазнавальных знакаў. Яе пачалі цягнуць у машыну, выкарыстаўшы таксама балончык з газам. Пасля яе прымусілі сесці ў машыну на вуліцы Куйбышава. Па словах сведкаў, дзяўчына клікала на дапамогу. Мінакі падышлі і спыталі ў мужчын, хто яны.
— Адказвалі, што яны з міліцыі. На просьбу паказаць дакументы паказалі толькі пярцовы балончык. Яны пырснулі ім у мяне, напэўна, тры разы. Усе адбеглі ў бок, Марыну пагрузілі ў машыну і павезлі, — распавядаў сведка.
