Дыскрэдытацыя дзяржорганаў і народнае абурэнне. Найважнейшае за 22 верасня

Памятаеце сітуацыю з covid-19 увесну? «Дзяржава для народа» аказалася тады поўнасцю бездапаможнай, што і абурыла людзей. Вынік мы пабачылі на выбарах. Аднак і цяпер дзяржаўныя органы дэманструюць поўную няздольнасць выконваць свае функцыі.

img_2244_2_logo_1_1.jpg


Напрыклад, праваабаронцы звярнуліся ў Генпракуратуру з просьбай адрэагаваць на выкраданни людзей невядомымі асобамі ў балаклавах. А адказ атрымалі ад МУС. Прычым, адказ, які цалкам не адпавядае зместу звароту. У любога чалавека ўзнікне пытанне: чаму пракуратура ператварылася ў паштовае аддзяленне? І ці можна заключыць дамову з пракурорскімі, каб яны разносілі, напрыклад, газеты?

Чарговую навацыю выказалі спартовыя чыноўнікі. Цяпер уносяцца дапаўненні ў кантракты са спартоўцамі. Згодна гэтым дапаўненням, нашыя спартоўцы павінны ведаць гімн, выкарыстоўваць толькі дзяржаўную сімволіку, і «не дапускаць публікацый і выступленняў у сродках масавай інфармацыі без узгаднення з наймальнікам».

008_sport_1.jpg


Цікава, як чыноўнікі ўяўляюць інтэрв’ю, напрыклад, пераможцы Алімпіяды пасля ўзнагароджання «з дазволу працадаўцы»? Гэта трэба сказаць журналістам: «Выбачайце, я злятаю ў Мінск, вазьму дазвол?»

Улады Брэста адмовіліся праводзіць абяцаны рэферэндум аб закрыцці акумулятарнага завода. Прычым, з дзіўнай фармулёўкай: кшталту, яны звярталіся да грамадзян, але «далейшага развіцця ўказаная тэма з боку ініцыятыўнай групы не атрымала».

Гэта што? Няўжо «ініцыятыўная група» мае права на арганізацыю і правядзенне рэферэндума? Ці гэта павінна быць клопатам улады пасля таго, як пытанне мясцовага рэферэндума было ініцыявана?

olga_tesakova_20200921_shuk_tutby_phsl_2615_logo_1.jpg


А тым часам улада ўсё губляе пазіцыі. Дэпутатка Мінгарсавета Вольга Цесакова сама звярнулася да выбаршчыкаў з просьбай яе адклікаць.

Пісьменніца Людміла Рублеўская сышла з афіцыйнай газеты «СБ. Беларусь сегодня», і ўвогуле выданне пакінулі больш за 10 чалавек. Яны пра гэта не паведамлялі, бо ім прыгразілі, што «за імі прыйдуць».

photo_2020_09_22_15_41_56_1.jpg


Студэнты БДУІР 22 верасня выйшлі на Марш смелых людзей, а за 20 дзён верасня беларусы вывелі з банкаў больш за паўмільярда долараў.

І адзначылася ізраільская дыяспара. Тамтэйшае «Лепшае радыё» аб’явіла байкот артыстам, што спявалі для Лукашэнкі.