«У канцы спаткання сказала: «Люблю вас, хутка буду дома!» — маці 19-гадовай палітзняволенай Віталіі Бандарэнкі

19-гадовая Віталія Бандарэнка ў лютым вярнулася ў Беларусь з-за мяжы, каб пабачыць каханага хлопца. Але яе затрымалі. 21 траўня дзяўчыне прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму за нібыта ўдзел у масавых беспарадках у Брэсце. Яе хлопца яшчэ ў сакавіку пакаралі 3 гадамі выхаваўчай калоніі.Гісторыя маладой пары выклікала ў Беларусі вялікі рэзананс. 19-гадовую Віталію і яе 17-гадовага хлопца Дзяніса Хазея сталі называць беларускімі Рамэа і Джульетай.
4 чэрвеня маці Віталіі Наталля пабывала на спатканні з дачкой і расказала «Свабодзе» пра апошнія навіны ад яе.

d24627f9_f2b7_413c_9d07_e22bdb3440c1_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg

У камеры з актывісткай Палінай Шарэнда-Панасюк

«Пра тое, што вярнулася, не шкадуе. Проста, у адрозненне ад першага разу (Наталля была на спатканні з дачкой двойчы. — РС), на пачатку сустрэчы была трохі сумная. Дзесьці пачула, што ў Гомелі, у калоніі, ёй свеціць прафілактычны ўлік за схільнасць да дэструктыўных дзеянняў, — кажа жанчына. — Але потым яна вельмі хуценька сабралася, пачала распытваць пра ўсё, што адбываецца. Узбадзёрылася і павесялела».

Падчас размовы Віталія расказала маці, што ў сярэдзіне сакавіка правяла 10 сутак у карцары. Аднак за што — удакладніць не паспела.

«Калі закранулі гэтую тэму — пачулі ў трубцы, што да нас падключыліся. Пасьля гэтага мы пачалі гаварыць глупствы ўсякія. У выніку так і не вярнуліся да моманту карцару».

Віталія паведаміла, што больш за палову камер брэсцкага СІЗА абвешана жоўтымі таблічкамі, на якіх напісана, што зняволеныя схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

На самой камеры, дзе знаходзіцца Віталія, такой таблічкі няма. Але яна вісіць над ложкам адной з сямі яе сукамерніц — актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк.

Дзяўчына прызнавалася маці, што ёй было вельмі шкада Паліну, якую пастаянна каралі карцарам за адмову «падпарадкоўвацца» адміністрацыі СІЗА.

Па словах Віталіі Бандарэнкі, у камеры іх кормяць добра, але рацыён амаль цалкам вугляводны.

«У асноўным рыс, бульба, таму прасіла перадаваць гародніну. Сказала, што раніцай напалову з Барынавай (35-гадовая Наталля Барынава асуджаная на 1 год калоніі па справе аб блакаванні чыгункі і развешванні пудзілаў. — РС) з'ядае адну порцыю кашы. Потым у абед трошкі супчыку. І вечарам яны ўжо самі стругаюць са сваёй гародніны салат. Віталія кажа: «На вугляводах 7 кг за месяц з лёгкасцю набіраюцца. Нельга ж так харчавацца. Яны хочуць нас выпусціць адсюль пачварамі, спецыяльна», — са смехам успамінае выказванне дачкі Наталля.

Па словах 19-гадовай дзяўчыны, спрыяе набору вагі і адсутнасць руху.

«Сказала, што невыносна столькі сядзець. Яна ўсё роўна прымудраецца па камеры пахадзіць. На прагулцы не проста гуляе, а стараецца пабегаць», — расказвае Натальля Бандарэнка.

5242e750_e33d_40e1_9599_c3bc9c0429f4_w650_r0_s.jpg

«Калі не аддадуць віншаванні, скажу, што гэта палітычны пераслед»

Наталля расказала, што дачка засмучаецца ад інфармацыйнага вакууму. Нягледзячы на тое, што Віталіі піша шмат людзей, лісты яна атрымлівае толькі ад маці, бабулі, цёткі і брата.

«Дачка сказала: «Я ўжо хадзіла да начальніка, пыталася, чаму не аддаяце лісты падтрымкі. Я дакладна ведаю, што яны прыходзяць». Ён ёй адказаў: «Будзеш адсюль выходзіць, я табе іх усе дам, тады і прачытаеш».

Напярэдадні дня нараджэння маці паведаміла Віталіі, што ёй павінна прыйсці каля 20 віншавальных паштовак.

«Пачуўшы гэта, яна адказала: «Пайду заўтра патрабаваць. Калі не аддадуць віншаваньні, скажу, што гэта палітычны пераслед».

Па словах Натальлі, тэрмін для дачкі не стаў шокам.

«Яна сказала: «Мне ўсё роўна. Ведаю, што могуць даць 5, 7, 10 гадоў, але столькі мы не будзем сядзець». Яна і ў канцы спаткання сказала: «Люблю вас, хутка буду дома!»

Па словах Наталлі, тэму прашэння аб памілаванні яна з дачкой не абмяркоўвала. Але жанчына мяркуе, што Віталія на такі крок не пайшла б: «Яна ўвесь час кажа: «Я не вінаватая».

«Усё скончыцца хутка, зноў будзем разам»

Па словах Наталлі, Віталія цікавіцца і жыццём свайго хлопца Дзяніса Хазея, дзеля якога вырашыла вярнуцца ў Беларусь.

«Пыталася пра яго. Кажу, ён ужо ў Бабруйску ў калоніі. А яна: «Ну ўсё, зараз ужо сам мне зможа пісаць». Можа, і зможа, але ці будуць перадаваць лісты?» — кажа суразмоўца.

Нават ва ўмовах зняволення Дзяніс і Віталія падтрымліваюць сувязь з дапамогай родных — пішуць адзін аднаму «дробныя міласці», што ўсё скончыцца, і яны хутка зноў будуць разам.

«І мы, і яна вельмі спадзяёмся, што ўсё гэта хутка скончыцца. Віталія ж пасля заканчэння адпрацоўкі каледжа (па спэцыяльнасці яна кухар і прадавец. — РС) планавала ехаць у Польшчу. Там, маўляў, круцей — заробкі большыя, ежа і адзенне таннейшыя, — кажа суразмоўца. — Хацела жыць у больш развітай краіне. А калі гэтыя выбары наступілі, яна паверыла ў перамены, што і ў нас будзе добра. Можа, нікуды з'язджаць не давялося б. А тут такое здарылася...»

Сёння Віталія ў чаканні апеляцыйнага суду. Аднак, па словах яе маці Наталлі, ні яна, ні яе дачка на змены ў прысудзе не разлічваюць.

«Проста хочам, каб яна як мага даўжэй пасядзела з нармальнымі людзьмі. У СІЗА крымінальнікаў практычна не засталося», — кажа Наталля Бандарэнка.

2ab5d017_a3cd_4234_94b4_a9064ab3b843_w650_r0_s.jpg

Па яе словах, Віталія гатовая ехаць у калонію.

«Кажа: «Дасылайце маё пасведчанне аб заканчэнні каледжу, буду там сярод крутых. Таму што ў калоніі добра зарабляюць кухары і швачкі. Уладкуюся кухарам». Я, калі гэта пачула, так смяялася. Кажу: «Госпадзе, ведала б ты іх заробак там».

«Стала больш сур’ёзнаю, запал наіўны сышоў»

Наталля прызналася, што сёння да ўсёй сітуацыі з дачкой ставіцца больш спакойна.

«Першапачаткова, калі ўсё толькі пачыналася, я была на заспакаяльных леках, два курсы адразу прыняла. Але чалавек да ўсяго прывыкае. Бывае, іду з працы, хачу прыгатаваць тое, што Віталія любіць. А потым думаю: не, не буду, бо стане сумна».

На пытанне, ці выглядае Віталія пасля жыццёвых выпрабаванняў больш дарослай, Наталля адказвае: «Хутчэй, стала больш сур’ёзнаю, запал наіўны сышоў. Яна па-ранейшаму бадзёрыцца, весяліцца. Але гэтая дзіцячая непасрэднасць, якая раней у яе была... Цяпер яе няма, напэўна».

P.S. 12 чэрвеня Віталія Бандарэнка паведаміла маці праз іншых зняволеных, што ў СІЗА яе прымусілі падпісаць пяць пустых аркушаў фармату А5. Што на іх напішуць, дзяўчына не ведае.

«Потым скажуць яшчэ, што аб памілаванні прасіла, чаго яна, на самай справе, не рабіла. Альбо напішуць, што яна прызнаецца ў нечым. Таму Віталіна прасіла перадаць, што калі потым штосьці дзесці вылезе, то каб усе ведалі, што яе прымусілі», — сказала Наталля Бандарэнка.