Дзіяна Серадзюк: На Акрэсціна амаль уся камера была беларускамоўная
Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк была затрыманая разам з мужам Яўгенам Батурам 3 сакавіка на выхадзе з царквы, дзе мусіў адбыцца малебен супраць вайны ва Украіне. 18 сакавіка, праз 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Дзіяна і Яўген выйшлі на волю. Мы папрасілі Дзіяну расказаць пра сваё зняволенне.
— 3 сакавіка ўвечары мы пайшлі гуляць на плошчу Свабоды, зайшлі ў Свята-Духаў кафедральны сабор, пабылі там хвілін 10. Усё вакол было ўжо ў міліцыі, бо там павінна была быць малітва супраць вайны. На выхадзе з царквы нас акружылі трое ў цывільным: «Здравствуйте, мы сотрудники милиции. Можно ваши документы?» Дакументаў у нас з сабой не было. «Пройдёмте тогда с нами». Заднім чыслом пасля я зразумела, што можна было паспрабаваць не пайсці. Але не ведаю: ці было б гэта непадпарадкаваннем?
Павялі нас у аўтобус, адразу тэлефоны сказалі выключыць, забралі, паклалі на сядзенне. Сядзім. Адчыняюцца дзверы — заходзіць у аўтобус хлопец, размаўляе па тэлефоне. Праз некалькі секунд паднімае вочы: «Ой, а гэта што, не экскурсіённы аўтобус?» (смяецца)
Пасля нас перавялі ў бус. Завялі туды яшчэ трох дзяўчатак: адной 18, дзвюм — па 17. Яны вучацца на экскурсаводак у каледжы, прыйшлі ў ратушу на практыку — іх там і ўзялі. Павезлі нас усіх у Цэнтральны РАУС.
У Цэнтральным РАУСе пра нас сказалі: «Это с площади». То-бок там была канкрэтная аблава. У калідорчыку ляжаў парваны плакат «Не вайне».
Нас адразу пасадзілі ў «клетку», а побач з «клеткай» сядзеў нейкі «цывільны» міліцыянт. Мужу ён сказаў:
— Я буду на вас складаць пратакол за непадпарадкаванне.— Якое непадпарадкаванне? — абурыліся мы. — Не было ж нічога такога!— Ну, вы ж разумееце: мая справа проста напісаць.
Потым Жэню забралі, а ў мяне зрэзалі шнуркі. Я спытала, навошта гэта.
— Такія правілы ўтрымання ў камеры. — У якой камеры? — Пройдёмте.
І павялі мяне ў бетонную каробку: 4,5х5 крокаў, бруднага цёмна-шэрага колеру, бетонныя сцены, кафля на падлозе, халодная бетонная лава. Памяшканне гэтае знаходзіцца каля прыбіральні, вентыляцыя працуе, і таму ўсе пахі цыркулююць па гэтай каробцы. Там сядзела адна жанчына без пэўнага месца жыхарства, з якой мы пасля на Акрэсціна апынуліся. Прывялі таксама адну з «экскурсаводак» — 18-гадовую.
Я думала, што мяне адпусцяць, бо на мяне не склалі пратакол. Але не: выклікаюць і складаюць пратакол, што я была затрыманая па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (кшталту «имела намерение»), а на выхадзе з машыны каля РУУса я «пачала аказваць непадпарадкаванне». Я сказала, што гэта ўсё няпраўда, і ў пратаколе напісала, хаця разумела, што гэта нічога не дасць. Але агучыць трэба было.
Потым жанчыну асацыяльнага выгляду забралі, і мы з 18-гадовай дзяўчынай былі ўдвох у бетоннай каробцы. Спалі на бетоннай лаўцы. Сну амаль не было. Раніцай нас павезлі — восем чалавек: мы ўдвох, Жэня, астатнія мужчыны. Калі выводзілі, нас называлі «кантрольнымі», а «непалітычных» — «бічамі».
Прыкавалі адно да аднаго кайданкамі і павезлі ва «ўазіку» ў Цэнтральны суд, куды перадалі нашы справы. З суда — у ЦІП на Акрэсціна. Адзін міліцыянт нас з маёй суседкай называў «бабкамі», а мужчын — «дзядзькамі»: «Бабки, сюда! Бабки, стоять! Дядьки, лицом в стену!»
Судзілі па скайпе. Больш за ўсё на судзе запомнілася, што туды здолелі трапіць мама і Аксана (Колб, галоўная рэдактарка «Новага Часу». — НЧ). Вырак мяне не здзівіў, бо я ведала, што ўсім папярэднім далі па 15 сутак. То чаму і мне не маглі даць.
Потым мяне прывялі ў камеру на трэцім паверсе. Камера вясёленькая: з жоўтымі сценамі, там да мяне было ўжо 11 чалавек на два месцы (плошча ўсёй камеры прыкладна 9 «квадратаў»), я дванаццатая. Дзве бяздомныя жанчыны (у тым ліку тая, з якой я была ў «клетцы»). Дарэчы, са знакамітай Алай Ільінічнай, пра якую расказвала Вольга Хіжанкова, мы пазней таксама сядзелі.
Калі мяне забралі, я разумела, што ўнутры мяне ўжо нейкі пералом адбыўся: я да гэтага была гатовая. Падумала: «Ну, вось яно. Сказала, што гатовая, — калі ласка». У мяне ўжо не было трывожнасці, я ўсё ўспрымала як дадзенасць. Трымцела толькі, калі затрымлівалі і перавозілі, і асабліва калі выпускалі, хвалявалася: выпусцяць ці не? Усё роўна арганізм рэагуе на стрэс, а так, у прынцыпе, я ведала, што я гэта перажыву, нічога смяротнага тут няма.
Пераймалася адно, каб не білі, бо і на Акрэсціна, і пазней у Магілёве мужчын збівалі — «непалітычных», наколькі я разумею. Было чуваць крыкі, з імі па-быдляцку абыходзіліся.
У душ нас не вадзілі, перадач у ЦІПе не было, але была гарачая вада і можна было хоць неяк з бутэлек мыцца. Як скарб у нас была зубная паста, што засталася ад кагосьці з «непалітычных». Зубы чысцілі пры дапамозе ахоўных масак. Іх жа можна было выкарыстоўваць у якасці вяхотак, гумак для валасоў, губак для мыцця посуду, замест шнуркоў, у якасці фіксатараў для дзвярэй у прыбіральні... Плюс яшчэ мы маглі прыбірацца.
Спалі збольшага на падлозе. Нары там з жалезнымі рашоткамі, на іх немагчыма нават сядзець, не тое што ляжаць. Дзяўчаты, якія спалі на іх, потым усе ў сіняках былі. А я спала на самым класным месцы — пад нарамі на падлозе.
На Акрэсціна было вельмі душна. Адной дзяўчыне стала кепска, і мы папрасілі, каб выклікалі доктара. Прыйшлі міліцыянты, вывелі яе з камеры, сказалі: «А чего это тебе плохо, а остальным — нет?» Яна расплакалася, ледзь не страціла прытомнасць. Далі ёй нейкую таблетку, прывялі назад. «Ой, а что это у вас тут разве окно открывается?» Акно гэтае, па-мойму, у жыцці ніколі не адчынялася, але яны вырашылі яго адчыніць. Прывялі нейкага манцёра, выгналі нас з камеры, ён доўга калупаўся, але ў выніку адчыніў. Мы абрадаваліся: свежае паветра!
Вечарэе, пачынае халадаць. Зачыніць мы, натуральна, не можам, бо спачатку ідуць краты, а пасля — акно. Прасілі-прасілі зачыніць яго, ды нам сказалі, што ніхто сёння не зачыніць ужо. Ну ладна, апранулі ўсё што можна было — бо курткі, у нас, канечне, забралі. Але і гэта не надта ратавала.
Нам хлеб давалі ў пакетах. І дзяўчаты прыдумалі парваць гэтыя пакеты і прычапіць на акно, каб не сіфоніла. Да дзвюх гадзін ночы — да першай пабудкі — яны амаль што ўсё акно закрылі. І тут адчыняюцца дзверы, прыходзяць міліцыянты і кажуць: «Выходите все». Мы думалі, нас у карцар павядуць, таму што ўжо быў адбой, а мы тут нешта вошкаемся. «Сейчас вам закроют окно». І мы такія: «Ура! Перамога!»
Забілася неяк ракавіна, і мы ўсё прасілі-прасілі прачысціць, а яны толькі абяцалі зрабіць. Далі нам вантуз — стала яшчэ горш. У выніку дзяўчаты проста самі раскруцілі калена, прачысцілі і скруцілі назад.
Ад «непалітычных» з іншай камеры дзяўчаты змаглі перацягнуць вялікую кніжку філвордаў на 450 старонак, і асадка таксама была, таму некалькі дзён у нас нават быў нейкі інтэлектуальны занятак. Але неўзабаве падчас «шмону» яе забралі.
Трындзелі. Трошкі спявалі, трошкі балбаталі. Жанчына з Расіі, якая выйшла на вакзал расклейваць налепкі «НЕ вайне», прыгожа чытала нам вершы на памяць: «Маналог Гамлета» Шэкспіра — «быть или не быть», яшчэ нешта пра вайну... Яна лічыць, што Ленін — гэта добра, што трэба вярнуцца ў камунізм, але пры гэтым яна і супраць Пуціна адначасова.
А так займаліся нічым, тупа нічым. Чакалі сняданку, чакалі «шмону», абеда, вячэры, адбою...
Так я праседзела ў ЦІПе з 4 па 12 сакавіка, а 12-га нас удвох з «экскурсаводкай» забралі на этап. Мы думалі, што павядуць у Жодзіна, а выявілася, што мы едзем на Магілёў, бо жодзінская турма перапоўненая.
Супрацоўнікі паўсюль збольшага хамаватыя, асабліва мужчыны, лаянка праз слова. Але і сярод персаналу часам сустракаліся добрыя людзі.
На Акрэсціна кожную раніцу перад сняданкам у нас быў «шмон», нас выводзілі з камер, рукі за спіну, тварам да сцяны, абмацвалі металадэтэктарамі і потым заводзілі назад. Ноччу таксама па два разы будзілі — здаецца, а 2-й і а 4-й гадзіне, і трэба было называць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку. Пад’ём а 6-й, адбой — а 22-й. Адносна ежы на Акрэсціна — выжыць можна. Але ў Магілёве кормяць лепш, хоць і там, і там за харчаванне вязням налічваюць па 16 рублёў на дзень. У астатнім у Магілёве канцлагер — у параўнанні з Акрэсціна.
У магілёўскую турму нас перавозілі ў аўтазаках (дарэчы, першы раз ехала ў аўтазаку). Прывезлі — адразу ў кайданкі, «лицом к стене», лаянка. Павялі на дагляд. На Акрэсціна дагляд з распрананнем быў толькі адзін раз. А ў Магілёве гэта тры разы на дзень.
Там нас кожны дзень пераводзілі ў новую камеру — каб не прывыкалі, каб не было камфортна. Магілёўская турма вельмі брудная, там усё старое, вельмі холадна, мы моцна мёрзлі. Канечне, ніякіх пасцеляў, нічога такога нам не давалі, але, з іншага боку, і дзякуй Богу, бо невядома што водзіцца ў тых матрасах. Не было гарачай вады, таму памыцца нават з бутэлькі было цяжка. Вельмі хацелася ў душ і... фруктаў. Там жа адны кашы-кашы-кашы, страшна не хапае чагосьці жывога.
Самым складаным было ноччу спаць — таму што холад. Калі не рухаешся, ён яшчэ ўзмацняецца. Нары ў іх драўляныя, не жалезныя, але яны ўсё адно халодныя і жорсткія. Спалі па два чалавекі. Можна было на падлозе, каля батарэі, але там таксама ад дзвярэй дзьмула, мы затыкалі гэтыя шчыліны як маглі.
Калі нас было 8, мы былі ў чатырохмеснай камеры, а калі нас стала 5, яны пачалі цягаць нас па двухмесных.
На Акрэсціна дні досыць хутка ішлі. Там можна было днём спаць. На нарах ляжаць нельга, сядзець можна, а на падлозе ўдзень можна было драмаць. У магілёўскай турме час цягнуўся вельмі марудна. Нам забаранялі ўдзень і сядзець на нарах, і ляжаць на падлозе, і спаць. А ноччу спаць ад холаду немагчыма!
А яшчэ там з 6 вечара да 10 раніцы грае Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Пачынаецца ўсё з гімна, і потым цэлы дзень прапаганда — за рэдкімі выключэннямі ў выглядзе культурніцкіх і віншавальных перадач.
У камерах са мной былі людзі ад 18 да 70 гадоў — такая вось разбежка. Адна жанчына выйшла з плакатам «Нет войне», яна прашла літаральна трошкі, спусцілася ў падземны пераход, там міліцыянты падышлі і папрасілі прыбраць плакат, а пасля дагналі і забралі яе. Далі 10 сутак. 70 гадоў жанчыне.
Была з намі іншая жанчына, якая ўсім міліцыянтам гаварыла: «Приходите ко мне на чашку чаю» (смяецца). Яшчэ адной далі 10 сутак за тое, што яны з сяброўкай ішлі міма ўкраінскай амбасады і проста затрымаліся паглядзець на развешаныя там цацкі. Яе сяброўцы далі 100 базавых штрафу — таму што ў яе непаўнагадовае дзіця.
18-гадовую студэнтку, якая каля кінатэатра «Беларусь» хацела наклеіць «Не вайне», схапілі літаральна праз хвіліну. Судзілі яе не за пікетаванне, не за налепкі, а за «непадпарадкаванне». Яна абуралася: чаму нельга было асудзіць за тое, што ёсць, навошта такая няпраўда?
Мне цяжка сказаць, што адбываецца ўнутры сістэмы цяпер, але некаторыя з турэмшчыкаў разумеюць усё, што адбываецца, спачуваюць. Яны проста робяць сваю працу, таму што ўсё роўна «так трэба». Тыя, хто робяць па-быдляцку, не разумеюць. Былі такія, хто пыталі: «А за што вас?» Мы адказвалі, што фактычна ні за што. «А што, так можна было? Я б тады палову Магілёва перасадзіў бы!»
Але за кратамі сядзяць класныя людзі. У нас камера на Акрэсціна была амаль уся беларускамоўная, дык і міліцыянты сталі нам па-беларуску адказваць, хоць гэта нібыта з іх боку сцёб, але ўсё ж.
— Мы спадзяёмся, вы ж нам дасцё туалетную паперу? — Спадзявайцеся!
Жанчыне-расіянцы, якую затрымалі на вакзале за ўлёткі, міліцыянт так і сказаў: «За ўлёткі!» (смяецца). Таму працэсы ідуць, як бы там ні было. Нас — большасць, бо каго ні затрымай — усе «нашы». Гэта надае нейкай надзеі.
Не магу сказаць, што гэта быў для мяне траўматычны досвед. Бо ў мяне неяк псіхіка адключылася, і я ўсё гэта ўспрымала як сон. Я ведаю, што мая рэальнасць іншая, я жыву ў іншым свеце, а гэта — нейкі сюр, які трэба проста перажыць, і ўсё. І выйсці з яго.
Адзінае, за што я перажывала, — гэта за свой фізічны стан, таму што калі было холадна, я думала, што застудзіла сабе ўсё, што толькі можна.
Апошнія хвіліны былі хутчэй трывожнымі, чым радаснымі. Цяжкімі. Я хвалявалася, што не выпусцяць, бо на Акрэсціна дзвюх дзяўчын, якія адсядзелі 15 сутак, выклікалі трошкі раней і далі ім яшчэ па 15. Гэта такая рулетка, калі ты не ведаеш, што табе могуць прыдумаць. Дзяўчыну, якую са мной затрымлівалі, павінны былі выпусціць праз 10 хвілін пасля мяне, а яе пасля абеду забралі, і я думала, што гэта падазрона рана — напэўна, яе на новы пратакол павезлі. Але абышлося. Выпусцілі.
Першыя дні на Акрэсціна я не магла думаць пра дом — гэта было штосьці недасяжнае. А ўжо апошнія дні я ўяўляла пастаянна, як вы мяне сустракаеце. Я адчувала вашу салідарнасць, пачынаючы з таго, што на суд прыехалі. Я была ўпэўненая, што вы ведаеце, што вы падымаеце нейкі шум, таму салідарнасць адчувалася. Дзякуй вялікі ўсім, хто падтрымліваў, і асабліва маім родным!