Дзмітрый і Марыя: самая баяздольная сям’я Беларусі (+відэа)
Ён — сусветна вядомы топавы тайбаксёр. Яна вяртаецца на прафесійны рынг пасля сканчэння факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Жыўцом паглядзець на іх паядынкі можна ў Мінску 13 верасня. Турнір, дзе яны возьмуць удзел, будзе транслявацца на ўвесь свет.
У будынку цырка на праспекце Незалежнасці выступяць такія сусветныя знакамітасці, як таец Буакаў і паўднёваафрыканец Уорэн Стэвелманс. Ды і зоркі муай-тай з Беларусі выступаюць часцей у
Азіі і Заходняй Еўропе, чым дома.
Дзмітрый Валент у тытульным супрацьстаянні сустрэнецца з тайскім прафесіяналам Паномам. Зрэшты, да цяжкіх паядынкаў беларус прызвычаены. Ён неаднаразовы чэмпіён свету сярод аматараў і
прафесіяналаў у розных аўтарытэтных версіях. На рынгу Дзмітрый нагадвае разважлівую артылерыйскую гаўбіцу. Найчасцей ён марудна, па-беларуску падбіраецца да саперніка, але калі пачынае страляць, то
гэта па-сапраўднаму адчувальна. Збянтэжыць Валента вельмі складана. Але і ён у супрацьстаяннях з некаторымі топамі, бывала, запозна ўключаў турбіну. І ў роўных баях на чужой тэрыторыі часам
атрымліваў паразы судзейскім рашэннем. Але многія марылі б пра такія баі больш, чым пра чэмпіёнскія паясы.
Валент выходзіў у рынг, бадай, з усімі самымі моцнымі. І, як кажуць, ніколі не быў у крытычным становішчы. Падобна да таго, што саперніка, які мог бы па-сапраўднаму збіць гэтага дужага беларуса, няма.
— Але з тае прычыны, што мне не ўсіх найлепшых удавалася перамагаць, хочацца далей развівацца ў кірунку спорту. Гэта ўлюбёная справа. Пакуль ні ў чым сябе больш не бачу, — дзеліцца думкамі Дзмітрый. — Мая мара на будучыню — адкрыць сваю залу. Як мне здаецца, гэта дапамагло б краіне, людзям, бо ў нас ёсць праблемы са здароўем. Бадзянне падлеткаў па дварах, наркотыкі і алкаголь. Я сам праз гэта ўсё прайшоў, але ў 16 гадоў стаў на правільны жыццёвы шлях.
— І што такога дрэннага вы рабілі, калі былі падлеткам?
— Усё было. Быў такім вулічным хлопцам…
— Так ужо і ўсё! Што, цяжкія наркотыкі вы ў кампаніі спажывалі ці што? — далучаецца да гутаркі жонка Марыя.
— Не, канечне, трымалі сябе ў межах. Але калі ў маім жыцці з’явіўся муай-тай, усё гэта нявызначанае бадзянне і эксперыменты сышлі ў мінулае. Рэзка паўстала мэта стаць чэмпіёнам. Я запаліўся.
“Як ні дзіўна, траўмаў у муай-тай менш, чым у футболе і хакеі”
Валенты расказваюць пра месца, дзе жывуць — раён вуліцы Ангарскай, які ў народзе мае нядобрую славу. Але сям’і тут нармальна. Пры гэтым Дзмітрый дзеліцца назіраннямі, што побач з іх домам няма ніякай байцоўскай залы, а моладзі, якая магла б туды прыйсці, вельмі шмат.
— Толькі ў аўтамеханічным вучылішчы каля МАЗа ёсць клуб, дзе трэніруе Віталь Цішураў (вучань знакамітага байца Юрася Булата — рэд.). Але гэтага недастаткова, — апісвае сітуацыю з развіццём спорту ў сваім мікрараёне чэмпіён. — Самае галоўнае, як я ўжо сказаў, — не толькі ўмацоўваць дзяцей фізічна, але і ставіць іх на правільны жыццёвы шлях…
— Аднак не кожны пойдзе на муай-тай. Усё ж існуюць забабоны, што тут можна траўмаваць галаву, адбіць канечнасці…
— Насамрэч, калі ўзяць табліцу траўманебяспечнасці, то футбол і хакей апераджаюць тайскі бокс. Там, як ні дзіўна, больш падзенняў, нечаканых удараў, пашкоджанняў, — Дзмітрый апелюе ведамі, атрыманымі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. — У тайскім боксе цела падрыхтоўваецца абсалютна па-іншаму, ёсць абарончая амуніцыя — шлемы, камізэлькі, налакотнікі. Для здароўя, калі ўсё рабіць правільна, нават прафесійны спорт — гэта добра. Пры наяўнасці нейкіх праблемаў ты ўсё адно жывеш у здаровым рэжыме, не спажываеш наркотыкі, алкаголь. Да таго ж муай-тай сам па сабе не дарагі. Купіў экіпіроўку за 100 долараў. І калі займаешся як аматар, то хапае на тры-чатыры гады. А аплата трэніровак у месяц каштуе 30-35 долараў. Я лічу, гэта няшмат.
— Сапраўды, гэта не тое, што купляць экіпіроўку для хакеіста ці аплачваць заняткі па вялікім тэнісе.
— Да таго ж для Беларусі гэта традыцыйны і асаблівы від спорту, — не перастае рабіць рэкламу баец. — Вось на апошнім чэмпіянаце свету ў Малайзіі было 105 краін. Мы прыехалі ў няпоўным складзе. Юніёры занялі першае агульнакаманднае месца. Дарослыя — другое.
Дарэчы, пра здароўе беларусаў і неабходнасць выхоўваць моладзь Дзмітрый Валент загаварыў толькі ў гэтым годзе. У многім на гэта паўплываў публічны прыклад іншых аўтарытэтных спартоўцаў — Гуркова, Герасімені, Радзівонава…
— Беларускія прозвішчы на форме тых жа футбалістаў — гэта добрая справа. Проста так склалася цягам пакаленняў, што мову нам замянілі. Мне яшчэ пяць гадоў таму няёмка было па-беларуску размаўляць. Але сітуацыя змянілася. Мы жывём тут. Гэта Радзіма наша!
Тут жа гутаркі падключаецца жонка Марыя і выказвае сямейны пункт гледжання на патрыятызм:
— З узростам мы пачалі больш цікавіцца гісторыя сваёй нацыі. Гэта аб’ядноўвае. Тое, што мы беларусы, а не рускія, напрыклад. І сорамна, што мы збольшага не можам правільна размаўляць на сваёй мове. Паміж пакаленнямі прорва. Мы не прытрымліваемся сваіх традыцый.
“Працавала да 5 гадзін у аэрапорце, потым ехала на трэніроўку”
СМІ шырока напісалі пра сям’ю Валентаў год таму, калі яны пабраліся шлюбам. Здарылася гэта па вяртанні з чэмпіянату Еўропы, дзе і жаніх, і нявеста заваявалі залатыя медалі. Да таго кантынентальнага першынства Марыя адсутнічала на рынгу некалькі гадоў, бо не магла сумяшчаць трэніроўкі з навучаннем на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Але да байцоўскіх адзінаборстваў у дзяўчыны заўсёды была асаблівая цяга.
— З дзяцінства займалася бальнымі танцамі, сінхронным плаваннем і валейболам. Але мне чамусьці падабаліся фільмы з жанчынамі-ваярамі, — згадвае Марыя. — І вось у 10-м класе, калі я сама змагла выбіраць тое, што мне падабаецца, пайшла на тайскі бокс. Бацька не быў супраць і заўсёды прыходзіць на ўсе спаборніцтвы, якія праходзяць у Мінску. А мама баіцца.
— Няўжо пасля сканчэння БДУ вы канчаткова вярнуліся ў спорт?
— Насамрэч я працую у Дзяржаўным мытным камітэце, у аддзеле афармлення. Праца самая сапраўдная, хоць кіраўніцтва ішло мне насустрач, каб я магла трэніравацца. Пераводзілі ў розныя падраздзяленні. Але ўсё гэта няпроста. За два тыдні да мінскага турніру мне давялося ўзяць адпачынак. Праз спорт другі год мора не бачу. А яшчэ і муж скардзіцца, што не паспяваю гатаваць, а сяброўкі — што не тэлефаную.
— Як выглядала ваша падрыхтоўка да таго, як узялі адпачынак?
— Працавала да 5 гадзін у аэрапорце, потым ехала на трэніроўку да Дзімы ў клуб “Кік-файтэр”. Бо ў маім клубе (Марыя займаецца ў канкуруючым “Патрыёце” — рэд.) улетку не заўсёды можна было знайсці спарынг-партнёраў. Таму муж дамаўляўся з юніёрамі, каб яны падыходзілі ў патрэбны час і стаялі са мной у парах. Рыхтуюся да двубою настолькі сур’ёзна, наколькі магу. Мая кітайская саперніца моцная і мае ў прафесійным рэкордзе шэраг накаўтаў.
— Усё адно дзіўна, як вам удаецца спалучаць паўнавартасную працу з прафесійным спортам…
— Задумваюся, канечне, пра дзяцей. Але многія нашы дзяўчаты сыходзілі ў сямейнае жыццё, а потым вярталіся ў муай-тай і доўга выступалі. Напрыклад, мая першая ў жыцці саперніца, праграміст з Магілёва Алена Муратава, толькі займацца пачала ў 25 гадоў. Была і чэмпіёнкай свету, і прызёрам. Цяпер ёй 35, мае адказную працу, але ўвесь час трэніруецца і знаходзіцца ў добрай форме.
На развітанне сям’я Валентаў паабяцала, што 13 верасня падчас турніру для сваіх беларускіх заўзятараў падрыхтуе прыемны сюрпрыз. Які менавіта, трымаецца ў таямніцы.
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч