Эдуард Бабарыка з-за кратаў: «Жыццё кожны дзень дорыць новыя адкрыцці і маленькія радасці»
Палітвязень разважаве ў лісце, што «адзіная наша "прафесія" і сцежка — гэта стаць сабой і быць сабой».
![ed_babariko_18_02.jpg ed_babariko_18_02.jpg](/img/v1/images/ed_babariko_18_02.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эдуард Бабарыка, якога за кратамі трымаюць ужо 20 месяцаў, даслаў на волю ліст. У ім палітвязень разважае пра сталенне і дзеліцца сваім настроем, пішуць праваабаронцы. Сыну Віктара Бабарыкі, экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду і былога кіраўніка «Белгазпрамбанка», пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
"Са мной усё добра: малюю, чытаю, пішу, займаюся ёгай, медытую, — піша Эдуарт у лісце. — Жыццё кожны дзень дорыць новыя адкрыцці і маленькія радасці:)
Атрымліваю задавальненне.
Па-першае, спадзяюся, што ты ніколі не зможаш сказаць аб тым, што «вырасла». Гэтага ні ў якім выпадку нельга дапусціць! Нават калі ты будзеш бабулечкай, не вырастай. Інакш знікне ўменне здзіўляцца свету, радавацца жыццю. Боб Дылан у адной з песень кажа: "Мы пачынаем паміраць, калі перастаем нараджацца". Таму кідай дурное :)
Па-другое, не паддавайся грамадскай думцы, даволі неразумнай, дарэчы, наконт таго, што мы абавязкова павінны кімсьці стаць. Гэта вельмі вузка для хараства і велічы чалавечай асобы. Адзіная наша "прафесія" і сцежка — гэта стаць сабой і быць сабой. Проста рабі тое, што падабаецца і хочацца. Развіваліся ў тых галінах, якія цябе максімальна блізкія, не прымяраючы зневажальныя гарнітурчыкі у выглядзе строгай спецыяльнасці. Не існуе ўзросту, прафесіі і іншай лабуды — гэта ж усяго толькі абстракцыі, якія не здольныя апісаць глыбіню і шматграннасць чалавечага жыцця. Мадэль "вучоба-праца-пенсія" вельмі прымітыўная і заганная. Увогуле, я вельмі рады тваім пошукам. Жадаю ім ніколі не заканчвацца!»
![«Як можна рабіць выгляд, што ўсё ОК, у краіне, дзе штодня кагосьці катуюць?» Аляксандра Зверава распавяла, чаму не вярнулася б у Беларусь «Як можна рабіць выгляд, што ўсё ОК, у краіне, дзе штодня кагосьці катуюць?» Аляксандра Зверава распавяла, чаму не вярнулася б у Беларусь](/img/v1/images/2021_06_17_17.49.38.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Днямі стала вядома, што Эдуард Бабарыка будзе знаходзіцца ў мінскім СІЗА мінімум да 14 красавіка. А 29 снежня Эдуарду высунулі новыя абвінавачванні — у распальванні варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў. І пакуль не вядома, ці застаюцца ранейшыя абвінавачванні наконт меркаванага ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.