Эдуард Лобаў: я на гэтай вайне, каб дапамагчы Беларусі

Напрыканцы ліпеня стала вядома, што сустаршыня Маладога Фронту Эдуард Лобаў таемна пераехаў ва Украіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ад расійскай агрэсіі. Чым жыве былы палівязень і адзін з лідараў моладзевага руху, якія ў яго планы — пра ўсё гэта і іншае ў шчырай размове Эдуард распавядае свайму сябру Змітру Дашкевічу, паведамляе mfront.net.



eduard_lobau_n_sm.jpg

На вайне ты заўсёды павінен сябе ўдасканальваць

Eduard_Lobau-300x225.jpg

— Вітаю, Эд, у добрым здароўі!

— Так, здароўе, дзякаваць Богу, добрае! (смяецца)

— Вось скажы, не так даўно ты абвясціў пра свой намер далучыцца да Украіны ў вайне супраць Арды, як твой першы месяц на вайне?

— Нармальна, я далучыўся да добраахвотніцкага батальёна “Правага Сектара”, які размешчаны пад Марыупалем.

— Гэта значыць, што ты не ўваходзіш у Тактычную групоўку “Беларусь”?

— Не, не ўваходжу. Камандаванне “Беларусі” вырашыла, што я пакуль павінен быць у складзе таго батальёна, у якім ваюю, — так і раблю.

— Наколькі цяжка табе было ўцягнуцца ў вайсковы рэжым, ці дапамагала ў гэтым плане твая служба ў Паветрана-дэсантных войсках Беларусі?

— Натуральна, мне прасцей было ўцягнуцца, чым тым людзям, каторыя ніколі не выбягалі а 6 раніцы на марш-кідкі ці што іншае. Але таксама не магу сказаць, што я такі ўжо падрыхтаваны баец быў ці ёсць. У войску не магчыма дасягнуць дасканаласці. І калі ты хочаш выжыць і перамагчы, ты павінен увесь час сябе ўдасканальваць. У батальёне, калі няма прамых баявых сутыкненняў, мы заўсёды трэніруемся і ўдасканальваем свае навыкі абсалютна па розных накірунках вайсковай навукі: ад фізухі да мінавання.

— А што ты адчуваў пасля таго, як даведаўся пра смерць на полі бою сваіх пабрацімаў, ці разумееш ты цяпер, што смерць можна спаткаць у любы дзень?

— Я і раней гэта разумеў, усё ж не на курорт ехаў. Але і нейкае незразумелыя пачуцці ўзнікаюць таксама, калі сёння ты бачыш чалавека, а заўтра яго забіваюць у баі. Магу сказаць, што ў такія моманты глыбей разважаеш над сэнсам стварэння, над тым, што будзе з намі ў вечнасці…

Каб Крым і Данбас размаўлялі па-ўкраінску, Маскве амаль немагчыма было б іх акупаваць

Eduard_Lobau_n-e1441261572775.jpg

— Глядзі, якая мяне ў Кіеве не адпускае думка. Я хаджу па вуліцах, заходжу ў кавярні і паўсюль бачу, як маладыя хлопцы пацягваюць піўко, вінцо, цыгарэткі — і, я так мяркую, ім проста начхаць, што там на Усходзе беларусы аддаюць свае жыцці за Украіну. Дык скажы, на колькі гэта правільна беларусу ехаць і ваяваць за незалежнасць Украіны, калі самім украінцам гэта вайна фіялетава.

— Я не за свабоду Украіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей — і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглочана як і Крым за пару сутак.

— Ёсць такое меркаванне, што каб не стацца ахвяраю Расеі, дастаткова з расейскай мовы перайсці на родную — і ў Арды не будзе ніякіх аргументаў для нападу. Бо ў Крым і ў Данбас войскі Масквы ішлі і ідуць бараніць сваіх — расейскамоўных суграмадзянаў.

— Я мяркую, што абарона расейскамоўных — гэта толькі прыкрыццё. Масква і на нашу радзіму, на ВКЛ, заўсёды нападала аргументуючы гэта тым, што ідзе бараніць праваслаўных адзінаверцаў, але галоўным было — ненажэрнасць і прага чужой зямлі.

— Усё так, гэта прыкрыццё, але ж прыкрыццё пад аргументамі! А што, калі б прыкрыцця гэтага не было?

— Канечне згодны, каб Крым і Данбас размаўлялі па-ўкраінску, Маскве было б амаль немагчыма дасягнуць таго, што яна дасягнула з часоў “другога майдану” — акупацыі Крыма і палову Данбаса.

Выбары — гэта тупы фарс, які не цікавы нікому

 

— Звернем увагу да палітычных працэсаў, якія сатрасаюць Украіну ды Беларусь. Як ты лічыш, чаму ва Ўкраіне, якая ваюе з Усходнім агрэсарам, назіраецца рэзкае палітычнае супрацьстаянне, якое перарасло ў выбухі пад Радай?

— Асабіста я лічу, што гэта ўвогуле не справа беларусаў лезці ва ўнутрыўкраінскі палітычны працэс. Яны маюць свабоду выбару і самі дадуць ацэнку ўладзе на выбарах. Хаця магу сказаць, што большасць байцоў незадаволены тым, як афіцыйны Кіеў праводзіць сваю палітыку датычна Данбаса і вайны, спрабуючы гуляцца з тэрарыстамі ў нейкія дамовы.

— Мажліва ты чуў, што Лукашэнка днямі вызваліў усіх палітвязняў, як ты лічыш, для чаго ён гэта зрабіў?

— Нічога новага, кожную пяцігодку адбываецца перадвыбарчая гульня ў дэмакратыю, накіраваная на тое, каб Захад прызнаў яго за легітымнага прэзідэнта.

— А ці могуць гэтыя “выбары” нешта змяніць?

— Я мяркую, нічога яны не зменяць. Гэта будуць самыя пасіўныя выбары за ўсю гісторыю. Ды і што чакаць ад іх, калі гэта фарс, у якім ніхто нават не заікаецца, што будзе змагацца за ўладу. Гэта проста тупы фарс, які нікому не цікавы.

Я быў маладафронтаўцам і ім застаюся

 

— Дык што ў гэтай сітуацыі ты параіш рабіць беларусам, якія прагнуць пераменаў?

— Я параю чакаць зручнага моманту і рыхтаваць сілы. Відавочна, што непазбежны эканамічны і палітычны калапс рэжыму Лукашэнкі — і менавіта ў гэты момант трэба супраць яго выступіць.

— У сувязі з гэтым, якія твае планы на будучыню? 12 верасня будзе праводзіцца З'езд Маладога Фронту і тваё імя ў спісе тых, хто прапануецца ў Сойм арганізацыі. Ці збіраешся ты ў будучым удзельнічаць у працы МФ, палітычным жыцці Беларусі?

— Я быў маладафронтаўцам і ім застаюся, а таксама звязваю свае планы з Беларуссю. Я ўпэўнены, што Расійска-Украінская вайна — гэта тое, праз што разваліцца Маскоўская Арда; і Беларусь не можа застацца ў баку ад гэтага працэсу. Таму я перакананы, што мой досвед і мая дапамога, як дапамога ўсіх беларускіх добраахвотнікаў на гэтай вайне, яшчэ спатрэбіцца Беларусі. Дзеля гэтага ўсе мы тут і знаходзімся, каб потым паслужыць Беларусі.

Прэс-служба МФ