Еўрапейская федэрацыя журналістаў запатрабавала неадкладна вызваліць Юлію Слуцкую і яе калег

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) запатрабавала неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і вызваліць затрыманых напярэдадні прадстаўнікоў «Прэс-клуба».

press_klub_1.jpg


Адпаведная заява размешчана на сайце арганізацыі, перадае TUT.BY.

Як адзначае арганізацыя, пасля ўвядзення новых санкцый ЕС міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў аб адказных мерах у дачыненні да беларускіх арганізацый, якія дзейнічаюць пры падтрымцы замежных амбасадаў: «Сярод першых ахвяраў гэтай новай хвалі рэпрэсій: Юлія Слуцкая, заснавальніца “Прэс-клуба Беларусь”, сябра праўлення БАЖ».

Ператрусы таксама прайшлі ў некалькіх супрацоўнікаў «Прэс-клуба», у тым ліку ў Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Сяргея Якупава.

«Гэтыя рэпрэсіі павінны быць неадкладна спыненыя. Мы патрабуем вызвалення Юліі і ўсіх яе калег. Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз, Савет Еўропы і АБСЕ рашуча адрэагаваць на гэтую новую хвалю рэпрэсій», — заявіў прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б’ерэгорд.

Нагадаем, 22 снежня ў «Беларускі Прэс-клуб» прыйшлі сілавікі. Пасля гэтага перасталі выходзіць на сувязь як мінімум шэсць чалавек, якія маюць дачыненне да арганізацыі. У ДФР КДК заявілі, што «ў дачыненні да службовых асоб культурна-асветніцкай установы “Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб” і іншых суб'ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы, праводзіцца праверка па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь».