Галоўныя праблемы беларускай аховы здароўя: вынікі апытання Інстытута сацыялогіі
Беларусы назвалі галоўныя праблемы ў сферы аховы здароўя. У апытанцы, праведзенай напрыканцы 2023-га, прынялі ўдзел больш за 900 рэспандэнтаў.
Працяглыя чэргі і немагчымасць трапіць да лекара ў дзень звароту — асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца большасць беларусаў, піша «Эканамічная газета».
Такую выснову можна зрабіць на падставе даследавання Інстытута сацыялогіі, праведзенага ў 4-м квартале 2023 года, у якім прынялі ўдзел больш за 900 рэспандэнтаў.
У ходзе даследавання амаль 79% рэспандэнтаў заявілі, што асабіста сутыкаліся з працяглымі чаканнямі ва ўстановах аховы здароўя. Больш за 60% апытаных паведамілі, што не змаглі трапіць да лекара ў дзень звароту.
На нязручны графік прыёму пацыентаў звярнулі ўвагу 36,5% рэспандэнтаў, на складанасці атрымання накіравання да спецыялістаў – 34,1%, на некампетэнтнасць лекараў і медыцынскіх работнікаў – 33,5% удзельнікаў апытання.
Каля чвэрці рэспандэнтаў у якасці праблемы называюць факт таго, што медыцынскія паслугі немагчыма атрымаць бясплатна. Прыкладна столькі ж паведамілі, што з'яўляліся сведкам адміністрацыйных памылак у медыцынскіх установах. Для чвэрці апытаных праблемай з'яўляецца доўгае чаканне аперацый, а таксама дыягнастычных працэдур.
Даследаванне паказала, што больш за 76% апытаных звяртаюцца па медыцынскую дапамогу ў мясцовыя паліклінікі, а каля 23% – у прыватныя медыцынскія цэнтры.
Калі гаворка ідзе аб атрыманні платных паслуг, то рэспандэнты часцей звяртаюцца ў прыватныя клінікі (пра гэта заявілі больш за 38%). Пра выкарыстанне платных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя паведамілі каля 28% апытаных.
Амаль 55% рэспандэнтаў паведамілі аб станоўчым стаўленні да платных медыцынскіх паслуг, адмоўнае меркаванне выказалі 30% апытаных, астатнія не змаглі вызначыцца з адказам.