Гомельскія актывісты БХД патрабуюць грамадcкага абмеркавання рэканструкцыі гарадcкіх вуліц
Грамадскія актывісты партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» распачалі ў Гомелі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да мясцовых уладаў па патрабаванні правядзення грамадзкіх слуханняў наконт рэканструкцыі гарадскіх вуліц.

“Мы ўжо маем сумны досвед рэканструкцыі вуліцы Кірава, – тлумачыць прадстаўнік БХД у рэгіёне Аляксандар Шарыпаў. – Тут знішчылі паабапал усе дрэвы, нарабілі колавых развязак, якія двойчы перараблялі. На дадатак наставілі агароджы. Пешаходам трэба крочыць сотні мэтраў, каб перайсці вуліцу з аднаго на іншы бок. Цяпер гарвыканкам збіраецца рабіць тры падземныя пераходы на плошчы Леніна і пашыраць вуліцы Інтэрнацыянальную ды Пралетарскую, дзе нямала гістарычных будынкаў”.

Вуліца Кірава
Аляксандр лічыць, што гарвыканкам мусіць патлумачыць, што выйграюць гараджане і з якімі праблемамі сутыкнуцца ў выніку такой рэканструкцыі.
“Магчыма, машынам і лепей, хаця менавіта на гэтых колах і здараюцца даволі часта аварыі, – апавядае кабета ў гадах, якая адной з першых паставіла свой подпіс за правядзенне грамадскіх слуханняў.– А пешаходы вакол гэты колаў ходзяць кругамі ды зігзагамі”.

Гараджанка не ўяўляе, як маці з дзіцячымі каляскамі альбо старыя будуць спускацца ў падземны пераход, каб дабрацца ў парк па-над Сожам.
Яшчэ адзін зборшчык подпісаў Аляксандар Гехт тлумачыць , што горад дзеля зьмяншэння транспартнай нагрузкі ў цэнтры не дабудаваў ніводнага транспартнага абходу – ані на ўсходзе, ані на захадзе.
“Чыноўнікі заяўляюць: каб далей рабіць той жа ўсходні транспартны абход, патрэбна каля 28 мільёнаў даляраў на будаўніцтва моста праз Сож. Такіх грошай, маўляў, у бюджэце няма. А на падземныя пераходы праз плошчу, якія агулам будуць каштаваць каля 15 мільёнаў, яны нібыта ёсць. Дык ці ня лепей дабудаваць распачаты ўсходні траспартны абход, які звяжа Навабеліцкі раён з Валатавой і дапаможа разгрузіць цэнтар ад транзітнага транспарту?” – ставіць заканамернае пытанне актывіст.
Сабраныя подпісы, як і патрабуе заканадаўства, хрысціянскія дэмакраты накіруюць у гарвыканкам на рэагаванне.
Паводле bchd.info