Гродзенскі дзіцячы хоспіс высяляюць з памяшкання

Дзіцячая паліклініка № 2 у Гродне па адрасе Гагарына, 18 з 23 снежня 2020 года скасуе дамову арэнды з Гродзенскім дзіцячым хоспісам імя святога Губерта. Прычына — эпідэміялагічная сітуацыя, памяшканні будуць выкарыстоўвацца для арганізацыі працы з COVID-19, паведамляе hrodna.life. Але гэта не ўсё — сёння ў хоспіс прыйшоў ДФР.

hospis_2.jpg


Прычыну растлумачылі ў лісце дырэктарцы хоспіса Вользе Вялічка за подпісам намесніка галоўнага ўрача Ірыны Голуб. Дакумент трапіў у распараджэнне рэдакцыі Hrodna.life.
— Мы не разумеем, аб якіх складаных эпідэміялагічных сітуацыях можа ісці гаворка, калі па афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя ў нас нязначны прырост па тых, хто захварэў, у адносінах да іншым краінам. Якія складаныя эпідсітуацыі прагназуе паліклініка ў снежні? — пракаментавала Вольга Вялічка Hrodna.life.


Юрысты паспрабуюць абскардзіць скасаванне дамовы арэнды, сказала Вольга Hrodna.life. Варыянтаў іншых памяшканняў для хоспіса ў Вялічка няма. Пры першай хвалі COVID-19 у Гродне дамову арэнды не скасоўвалі.
Як у паліклініцы будуць выкарыстоўваць памяшканне, дзе цяпер размяшчаецца хоспіс, пакуль невядома.
Хоспіс працуе ў Гродне 13 гадоў. Там дапамагаюць цяжка хворым дзецям прыкладна з 70 сем’яў: аказваюць медыка-сацыяльную, псіхалагічную і духоўную дапамогу невылечна хворым людзям. Падапечным хоспіса ад 0 да 24 гадоў. Гэта людзі з анкалагічнымі і генетычнымі захворваннямі, з паталогіямі нервовай сістэмы. У хоспісе дапамагаюць ім і іх бацькам.


У сацыяльнай майстэрні хоспіса валанцёры ўжо некалькі месяцаў шыюць сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў. За месяц можна пашыць каля 700 камбінезонаў.
У 2019 годзе кіраўніцтва хоспіса прасіла гарадскія ўлады вылучыць будынак былога медыцынскага выцвярэзніка на вул. Сыракомлі ў сувязі з пашырэннем паслуг для падапечных. Улады адказалі, што дзіцячы хоспіс не ўваходзіць у пералік юрыдычных асоб і ІП, якім нерухомая маёмасць, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, прадастаўляецца ў бязвыплатнае карыстанне.


Праблемы з памяшканнем былі і ў сацыяльнай майстэрні пры Гродзенскім дзіцячым хоспісе, дзе шылі сродкі індывідуальнай абароны. Спачатку іх папрасілі з’ехаць з будынка на Гагарына, 18. Пазней знайшлася пляцоўка ў Пышках, але іх зноў выселілі адтуль.
Акрамя таго, 22 кастрычніка ў хоспіс прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Яны папрасілі адчыніць усе пакоі. Пра сітуацыю TUT.BY распавялі супрацоўнікі хоспіса.
Мяркуючы па пратаколе агляду, які супрацоўнікі ДФР выставілі прадстаўнікам дзіцячага хоспіса, цяпер праводзіцца праверка «у дачыненні да службовых асоб ГДА „Гарадзенскі дзіцячы хоспіс“ па фактах заніжэння падаткаабкладальнай базы і ўхілення ад выплаты сум падаткаў».