Хронікі рэпрэсій. 71-гадовага акадэміка асудзілі разам з жонкай

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 29 снежня.

photo_2022_12_29_20_30_32.jpg

71-гадоваму акадэміку Алегу Давыдзенку і яго жонцы Наталлі Акцябрскай прысудзілі па 3 гады «хатняй хіміі», паведамляе «Н*ша Ніва».

Алега і Наталлю затрымалі раніцай 2 лістапада. Нагодай для пераследу сужэнцаў стала фота, на якім яны стаяць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года.

Паводле знаёмых сям’і, справу супраць іх суд Савецкага раёна Мінска разгледзеў за адзін дзень. Палітвязняў абвінавацілі ў «актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК) ды «абразе Лукашэнкі» (арт. 368 КК). Вяла працэс суддзя Алена Жуковіч.

Вядома, што Давыдзенку да суда трымалі пад вартай, а пасля зняволення звольнілі з Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Беларусі.

Палітзняволенага Яўгена Гурынава асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». Мінчука прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)  і асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Палітвязня вызвалілі ў зале суда. Прысуд агучыў суддзя Максім Трусевіч.

Нагадаем, Яўген працаваў каардынатарам праектаў Фонду развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «Аніў». За ўдзел у праекце яго і іншых удзельнікаў узнагародзілі медалём «Маршал Баграмян», адной з найбольш ганаровых узнагарод Арменіі. Яго затрымалі 13 верасня 2022 года. 

За абразу супрацоўнікаў міліцыі мінчуку Раману Коржыку прысудзілі год «хатняй хіміі» і шэсць тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады — шасці супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Вакульчык.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Коржык у тэлеграм-чатах размяшчаў каментары і абразлівыя выказванні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з розных гарадоў, якія, на яго думку, былі датычныя да разгону масавых акцый пратэсту. Сярод пацярпелых — шараговыя міліцыянты, участковыя інспектары, камандзір падраздзяленняў АМАПу, намеснік начальніка АУС.

Усе яны прад’явілі зыскавыя патрабаванні аб спагнанні ў іх карысць грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы і былога дыпламата Уладзіміра Астапенкі. Абодва зараз знаходзяцца за мяжой. На тое, каб расследаваць справу у дачыненні да Цапкалы ў СК сышло 10 дзён, а на «спецвытворчасць» Астапенкі і таго менш — усяго тыдзень.

Крымінальныя справы перададзены Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.