Хто «ажыўляе» Сталіна?
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, чаму расіянам падабаецца Сталін, а таксама пра стаўленне да гэтай гістарычнай асобы ў Беларусі.
Расіяне назвалі Іосіфа Сталіна самым выбітным чалавекам усіх часоў і народаў. Ён апярэдзіў у гэтым рэйтынгу Аляксандра Пушкіна і Уладзіміра Пуціна.
Лявон Баршчэўскі адзначыў:
— Тое, што ў Расіі сёння моляцца на Сталіна, ніякага дзіва няма, таму што прапаганда працуе па сталінскіх рэцэптах, дзе фактычна поўным ходам ідзе ўслаўленне моцнай рукі. Маўляў, Пуцін — гэта сённяшні Сталін, якія пашырыць межы імперыі і дасць Захаду кулаком у зубы. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Расіі па-ранейшаму няма падмурка дэмакратыі, і калі ён будзе, невядома.
— Якое, на ваш погляд, заняў бы рэйтынгавае месца Сталін, калі б такое апытанне праводзілася ў Беларусі?
— Хапае і ў нашай краіне сталіністаў, але, мяркую, на першае месца беларусы гэтую асобу не паставілі б.
— А ці цікавіцца зараз народ тэмай сталінскіх рэпрэсій, тых жудасных злачынстваў, якія на сумленні “правадыра нацыі”?
— Вось гэта добрае пытанне, таму што ў гісторыі сапраўды адбыўся разрыў пакаленняў. Старэйшыя людзі баяліся распавядаць моладзі пра сталінскія жахі, і ў той жа час ані школа, ні афіцыйная прапаганда гэтага не рабілі і не робяць. Наадварот, гэтыя факты хутчэй замоўчваюцца. Шматгадовая гісторыя з Курапатамі наглядна гэта паказвае. А хлусня — і ёсць падмурак вяртання Сталіна і “добрых савецкіх часоў”. Таму пра тэму рэпрэсій большасць дзяцей і ўнукаў нават і не чулі ад сваіх бацькоў ці дзядоў, бо ў тых сядзеў генетычны страх, каб нешта распавесці. Хлусня і замоўчванне гісторыі — галоўны падмурак для ажыўлення сталінізму.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя