ГУБАЗіК затрымала кіраўнікоў дзяржаўных мясакамбінатаў
Сілавікі спынілі «шэрую» схему экспарту мясной прадукцыі. У складзе злачыннай структуры — дырэктары найбуйнейшых дзяржаўных мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі беларускіх і замежных камерцыйных структур, паведамляе прэс-служба МУС.
Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС устанавілі, што кіраўнікі камбінатаў сістэматычна атрымлівалі ад камерсантаў грашовыя ўзнагароды за першачарговую і бесперашкодную адгрузку запатрабаванай мясной прадукцыі для наступнага вывазу ў краіны СНД. Па такой схеме зламыснікі дзейнічалі на працягу некалькіх гадоў, а памер разавых хабараў перавышаў 10 тысяч долараў ЗША.
Аператыўныя мерапрыемствы па выкрыцці ўдзельнікаў групы прайшлі ў пачатку кастрычніка ў Пінску і Жлобіне. Паведамляецца, што службовыя асобы затрыманыя з доказамі злачынства ў момант атрымання чарговай грашовай сумы.
Следчыя СК распачалі крымінальныя справы за атрыманне і дачу хабару ў асабліва буйных памерах.