«І са зрокам усё не вельмі добра, і з кашлем». У палітзняволенай Юліі Слуцкай за кратамі пагоршала здароўе

Мінула амаль паўгода, як знаходзяцца пад вартай менеджары «Прэс-клуба» — найбуйнейшай Культурна-Адукацыйнай пляцоўкі, якая збірае вакол сябе сотні прадстаўнікоў медыя-супольнасці Беларусі. Яшчэ ў снежні 2020-га ў офісе і ў кватэрах мэнэджараў Press Club Belarus сілавікі правялі ператрусы нібыта «па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства», дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Алу Шарко, дырэктара «Акадэміі прэс-клуба» Сяргея Якупава затрымалі, распавядае «Салідарнасць».

Юлія Слуцкая. Фота «Салідарнасць»

Юлія Слуцкая. Фота «Салідарнасць»

Заснавальніцу пляцоўкі Юлію Слуцкую сілавікі спынілі ў аэрапорце, калі яна з дачкой і ўнукамі вярталася з адпачынку. Таксама быў затрыманы аператар «Прэс-клуба» Пётр Слуцкі, сын Юліі, які знаходзіўся ў офісе арганізацыі, калі там праходзіў ператрус.

Была затрыманая і былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, якая супрацоўнічала з «Прэс-клубам».

Ні праз 72 гадзіны, ні пазней затрыманых не выпусцілі. Юлію Слуцкую прызналі падазраванай па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), астатніх затрыманых абвінавацілі ў саўдзеле. Толькі Сяргея Якупава як грамадзяніна РФ у канцы снежня прымусова дэпартавалі з Беларусі, не прад'явіўшы абвінавачванні.

Блізкія супрацоўнікаў «Прэс-клуба» пералічылі на рахунак СК амаль 110 тысяч рублёў у кошт забеспячэння кампенсацыі магчымай шкоды, што, зрэшты, не азначае прызнання арыштаванымі віны. Юлія Слуцкая, Пётр Слуцкі, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Ксенія Луцкіна былі прызнаныя палітвязнямі.

У лютым 2021-га фігурантам «справы «Прэс-клуба» працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы, у красавіку «дадалі» яшчэ 2 месяцы, пры гэтым следчыя дзеянні з імі не вяліся. Цяпер, з горыччу адзначае дачка заснавальніцы «Прэс-клуба» Аляксандра Слуцкая, ёсць падставы меркаваць, што 23 чэрвеня тэрмін будзе зноў падоўжаны.

— Прама цяпер ніякіх асаблівых навін няма, — распавяла Аляксандра. — Ведаю вось, што здароўе ў мамы не вельмі — і са зрокам усё не вельмі добра, і з кашлем. Плюс, мяркуючы па ўсім, у яе быў прыступ мігацельнай арытміі. Прычым гэты дыягназ паставіла маміна тэрапеўт, калі я апісала ёй сімптомы, а турэмны доктар сказаў: «Не хвалюйцеся, гэта магнітныя буры…»

— Даўно няма інфармацыі на старонцы, якую вы вядзеце ў сацсетцы ад імя мамы. Гэта таму, што лісты дрэнна даходзяць?

— Лісты не даходзяць, дакладней, вельмі дрэнна даходзяць. Я дакладна ведаю, што мама піша мне кожны дзень, і кожны дзень пішу ёй я — а за апошнія два тыдні атрымала ўсяго два лісты.

Нядаўна быў яшчэ вельмі непрыемны сюрпрыз з медыцынскімі перадачамі. Мама праз адваката папрасіла перадаць ёй мазь, таму што пад пазногцем пачалося нейкае запаленне або нарыў. Я, натуральна, адразу перадала — у найбліжэйшы дзень, калі дазволеныя медыцынскія перадачы. Праз тыдзень адвакат прыйшоў да яе зноў, і мама праз яго спытала, чаму я не перадала мазь.

Я пацікавілася ў жанчыны ў акенцы, ці магло быць такое, што перадачу прынялі, але не перадалі. Адказалі, маўляў, так, у нас запарка з фельчарамі, многія з іх хварэюць, таму вунь там у скрыначцы лекі ляжаць... Гэта значыць лекі прымаюць, але не прыносяць!

— Ці ёсць якія-небудзь навіны ад Пятра?

— Пеця трымаецца, ён вялікі малайчына, хоць у яго наогул вельмі цяжкія ўмовы — 23 чалавекі ў камеры. А зараз спякота, і вельмі складана перадаваць прадукты, нават з улікам таго, што я кожны дзень нашу перадачы. Мама папрасіла, напрыклад, не перадаваць больш рыбу, таму што ўсё маментальна псуецца.

— Як вы трымаецеся ў гэтай невыноснай сітуацыі, калі амаль паўгода родныя і блізкія людзі за кратамі, і добрых навін няма?

— Шчыра кажучы, з цяжкасцю. У мяне праблема ў тым, што я бегла вялікі марафон з хуткасцю спрынтара, і, вядома, ужо вельмі моцна выдыхлася. Часам цяжка настолькі, што адчуваю сябе на апошнім дыханьні. Але вось мой трэнер па кікбоксінгу — мой псіхолаг, калі б не ён, не ведаю, што было б, як спраўлялася. Кікбоксінг сапраўды дапамагае, менавіта такі спорт, дзе трэба біць, выплюхваць з сябе ўсё гэта.

...Многія пытаюцца Аляксандру, чым дапамагчы і падтрымаць. Яна ў адказ стомлена усміхаецца:

— Дапамога пакуль не патрэбна, дзякуй. А вось тым, хто знаходзіцца за кратамі, трэба старацца пісаць — так ёсць надзея, што з вялікай колькасці лістоў хоць нейкая частка дойдзе. Лепш за ўсё — заказныя лісты з паведамленнем па СМС, у іх ёсць вялікі шанец дайсці, звычайныя канверты першага класа ідуць з вялікімі затрымкамі.

Часта даходзяць і паштоўкі, але я іх маме не пішу — я з ёй размаўляю ў лістах, і наш дыялог працягваецца зараз, хоць і ў моцна запаволеным рэжыме.

Я пішу маме на электронную пошту, якую адмыслова завяла для яе — там не толькі нейкія важныя штукі, а проста ўсякія мілыя глупствы, фота. Здымаю кожны дзень, каб яна, прапусціўшы вясну, усё ж такі магла ўбачыць яе маімі вачыма. Плюс цікавыя спасылкі з сацыяльных сетак, артыкулы, каб мама выйшла і ні аднаго дня не прапусціла, ўбачыла карцінку, што і як у нас адбывалася.