І тут 15 сутак. Сёння судзілі валанцёрак, якія дапамагалі бяздомным

25 студзеня ў Кастрычніцкім судзе Мінска судзілі валанцёрак ініцыятывы «Вулічная медыцына» Карыну Радчанка і Таццяну Лабазу.

biazdomnyja_2501.jpg

Дзяўчат затрымалі ў суботу, 23 студзеня, у Міхайлаўскім скверы, калі яны аказвалі медыцынскую дапамогу бяздомным. Як паведамляе «Еўрарадыё», валанцёрак затрымалі разам з актывістамі ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», якія бясплатна раздаюць ежу людзям, якія жывуць у нястачы. Разам з актывістамі міліцыянты затрымалі і тых, хто прыйшоў па падтрымку.

На судзе Таццяны Лабазы стала вядома, што затрымалі валанцёрак каля 14:00. Да таго часу яны паспелі агледзець каля сямі-васьмі чалавек. Але сведка-міліцыянт вырашыў, што яны «ўдзельнічаюць у мітынгу, бо кармілі бяздомных, знаходзячыся з каструлямі». Пры гэтым ён паведаміў на судзе, што не было ніякай сімволікі, не гучалі лозунгі. Таксама ён заявіў, што не бачыў, каб аказвалі медыцынскую дапамогу.

Радчанка і Лабазу судзілі паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Суддзя Алена Жывіца прысудзіла Карыне Радчанка 15 сутак арышту.

Справу Таццяны Лабазы суддзя спачатку адправіла на дапрацоўку, але потым вынесла аналагічны прыгавор — 15 сутак.