Іллю Міронава арыштавалі на 25 сутак за надпіс «Пішыце лісты» на футболцы

Суд у Гомелі арыштаваў на 25 сутак валанцёра і актывіста Іллю Міронава, затрыманага напярэдадні ля СІЗА пры спробе аддаць перадачу, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

photo_2021_08_17_19_16_00_1.jpg

Яго абвінавацілі ў правядзенні «несанкцыянаванага пікету» (артыкул 24.34 КаАП) праз футболку з надпісам" «Пішыце лісты». Актывіст напісаў палітычным зняволеным ужо больш за дзве з паловай тысячы лістоў.
Падчас суду Міронаў сваю віну не прызнаў. Ён распавёў, што не праводзіў пікет, а майку ён носіць ужо некалькі месяцаў. «На майцы напісана "Пішыце лісты!". Калі ўсе карыстаюцца месенджарамі, я хачу заклікаць людзей часцей пісаць сапраўдныя лісты, якія здольныя перадаць цяпло чалавечых пачуццяў», — прыводзіць яго словы Naviny.by.
Суд пачаўся напярэдадні, ноч актывіст правёў у ІЧУ.


Іллю Міронава затрымлівалі 8 ліпеня 2021 года ў рамках крымінальнай справы аб тэрарызме (ч. 2 арт. 289 КК). У той жа дзень у яго доме прайшоў ператрус, у яго забралі жорсткі дыск, тэлефон, пашпарт, паштоўкі, значкі і кнігі. Паводле яго слоў, падчас допыту супрацоўнікі КДБ спачатку сказалі, што ён сведка па справе, але потым — што падазраваны.