Івонка Сурвіла: Наш край зноў апынуўся пад пагрозай быць зняволеным тым самым захопнікам

Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, звярнулася да беларусаў з нагоды 99-й гадавінай незалежнасці БНР.

img_0526_768x698.jpg


Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да беларускага народа з традыцыйнымі віншаваннямі з нагоды абвяшчэння незалежнасці БНР, але з сумам адзнычыла, што цяпер настрой не святочны.

Шаноўныя суродзічы, дарагія сябры беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам! У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 г., пасьля доўгай няволі, калі вонкавы сьвет забыўся пра нашае існаваньне, народ наш заявіў, што хоча жыць у сваёй незалежнай дзяржаве.

Давялося чакаць яшчэ больш як сем дзесяцігодзьдзяў, пакуль Беларусь сталася ўсімі прызнанай дзяржавай, але калі б не было ў сакавіку 1918 году людзей, якія моцна верылі ў сваё права быць вольнымі на сваёй зямлі, – не здабылі б мы ў жніўні 1991-га сваёй дзяржавы.

Дарагія сябры, праз год, 25 сакавіка 2018 г., мы адзначым 100-гадовы юбілей абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У нармальнай дэмакратычнай краіне, дзяржава рыхтавалася б да вялікага сьвята – але цяпер, на жаль, настрой не сьвяточны. У гэтым 2017 годзе наш край ізноў апынуўся пад пагрозай быць зьняволеным тым самым захопнікам.  Разьвіцьцё апошнім часам падзеяў вельмі трывожнае. Перад мілітарызацыяй нашай зямлі расейскімі базамі і манэўрамі з удзелам тысячаў расейскіх вайскоўцаў, Беларусь успрымаецца Захадам верным саюзьнікам Масквы, і падзел паміж двума сьветамі пакідае нас штораз часьцей на баку варожай нам імпэрыі. У выпадку вайны наш народ ізноў зробіцца першай яе ахвярай.

Зьвяртаюся сёньня да беларускага народу, у Беларусі і ўва ўсім сьвеце. Гэтак, як нашая гераічная моладзь, якая нядаўна бараніла Курапаты, скажыце ўсяму сьвету і прамаскоўскім хаўрусьнікам у Менску, што беларускі народ не зьбіраецца ізноў паміраць за чужыя імпэрыі, што край наш выбраў нэўтралітэт, калі ён меў магчымасьць выказаць сваю волю, і што ён быў уцягнуты ў варожую нам Эўразійскую зону, нягледзячы на гэтае жаданьне, выказанае ў Канстытуцыі.

У гэты вельмі неспакойны час, калі кожная дзяржава мае свае ўласныя клопаты і ня мае часу прыслухоўвацца да чужых праблемаў, цяжка пераканаць тых, хто гэтага ня ведае, што мілітарныя базы на сваёй зямлі мы ўспрымаем – як пагрозу незалежнасьці нашай дзяржавы.

Аднак пра гэта трэба гаварыць, трэба пісаць усім нам як індывідуальна, гэтак і калектыўна, ад імя беларускіх арганізацыяў, звароты да ўрадаў краінаў, дзе мы пражываем. Трэба рабіць усё магчымае, каб нас бачылі, каб нас чулі, каб ведалі, што народ наш ізноў пад пагрозай з боку суседа, злачынную небясьпеку якога сьвет нарэшце зразумеў. Трэба, каб лінія абароны Эўропы праходзіла ня ўздоўж зяходняй мяжы Беларусі з Эўразьвязам, а ўздоўж мяжы ўсходняй – з Расеяй.

Дарагія мае суродзічы на Бацькаўшчыне, трэба, каб вы таксама заявілі сьвету, што вы ізноў быць калёніяй Масквы не зьбіраецеся. З сумам канстатую, што трэба быць героем, каб у Беларусі змагацца за волю нашай зямлі. З глыбіні сэрца віншую тых, хто гэта штодзённа робіць. Сьвет пра вашае змаганьне ведае. Воля і Незалежнасьць Беларусі, у першую чаргу – у вашых руках!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сакавік, 2017 г.

Паводле www.radabnr.org