«Я чуў па міліцэйскай рацыі загады ўжываць любыя спецсродкі аж да агнястрэльнай зброі»
Украінскіх праваабаронцаў з арганізацыі «Усход SOS» Канстанціна Равуцкага і Яўгена Васільева затрымалі ў Беларусі 12 жніўня падчас акцыяў пратэсту. Супраць іх распачалі крымінальную справу аб удзеле ў масавых беспарадках. 14 жніўня іх выпусцілі з СІЗА.
Як гэта адбывалася, у эфіры «Настоящего Времени» расказаў Канстанцін Равуцкі, перадае svaboda.org
— Мы працавалі на акцыях пратэсту ў той жа самай Беларусі ў папярэднія гады, але такі ўзровень жорсткасці я сапраўды бачу ўпершыню. Наколькі я разумею, гэтая палітыка — прадэманстраваць максімальную жорсткасць у адносінах да ўласнага народу, да пратэставай часткі грамадства — Лукашэнка яе разглядае як ледзьве не адзіную магчымасць утрымацца ва ўладзе, бо ўзровень пратэставых настрояў сёлета таксама найбольш высокі, напэўна, за ўсе 26 гадоў кіравання Лукашэнкі.
Па нашых адчуваннях, калі не 97%, як кажа пра гэта апазіцыя, то як мінімум 80% людзей у Мінску з тых, з якімі нам удалося пагутарыць, рашуча настроеныя на змены, на рэформы, на змену палітычнага кіраўніцтва краіны, і гатовыя актыўна выступаць. Таму цяпер уся паліцэйская машына працуе як гестапа для таго, каб максімальна запалохаць людзей, дэматываваць іх удзельнічаць у акцыях пратэсту. Але па тым, што мы бачым, як развіваюцца падзеі, пакуль рэжыму не ўдаецца гэтага зрабіць.
— Няўжо шараговыя міліцыянты сапраўды валодаюць наборам навыкаў, каб у такой колькасьці функцыянаваць як гестапа?
— Мяркуючы па ўсім, так. У міліцыянтаў цалкам развязаныя рукі. І шараговыя міліцыянты, і міліцэйскі спецназ — АМАП, — я чуў іх перамовы, яны працуюць як адзіны арганізм. Па сутнасці, шараговыя міліцыянты, на маё ўражанне, па настроях, па злосці і гатовасьці здзяйсняць падобныя злачынствы амаль нічым не адрозніваюцца ад АМАПу.
Рукі развязаныя, я чуў неаднаразова ў перамовах па міліцэйскай рацыі загады ўжываць любыя спецсродкі аж да агнястрэльнай зброі ў адносінах да мірных пратэстоўцаў. Я чуў загады, як яны кажуць, «адпрацоўваць» не толькі групы пратэстоўцаў, але і ўсіх гледачоў. Проста каб людзям было непанадна.
Што мяне яшчэ вельмі непрыемна здзівіла — гэта тое, што ва ўсіх гэтых здзеках над затрыманымі прымаюць удзел маладыя людзі — 20-гадовыя хлопцы, курсанты міліцэйскіх ліцэяў і ліцэяў унутраных войскаў. Іх навучаюць ужо з гэтага ўзросту, да іх прыстаўляюць настаўнікаў з ліку міліцыянтаў, іх вучаць ахоўваць, здзекавацца з затрыманых. І, на вялікі жаль, многія з іх відавочна атрымліваюць задавальненне ад гэтай працы.