Кабінет Ціханоўскай асудзіў Галадамор і прызнаў яго генацыдам

Пераходны кабінет прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа. Галадамор — факт, які злучае гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў і паказвае агульнасць злачыннай палітыкі бальшавіцкага рэжыму на тэрыторыі нацыянальных рэспублік.

golodomor_1.jpg

Аб'яднаны Пераходны кабінет прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа і асудзіў злачынствы камуністычнай улады ў дачыненні да нацыянальных рэспублік СССР у міжваенны перыяд. Адзначаецца таксама, што Галадамор закрануў і Беларусь. Знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, масавыя дэпартацыі і давядзенне да галоднай смерці — гэта злачынствы бальшавіцкай сістэмы супраць украінскага і беларускага народаў.

Пераходны кабінет выступіў з адмысловай заявай наконт Галадамору. Ён выказаў безумоўную падтрымку і салідарнасць народу Украіны, які «стаў ахвярай бесчалавечнай палітыкі ў міжваенны перыяд гісторыі», і рашуча асудзіў наступствы «злачынстваў бальшавіцкай улады супраць украінскага і беларускага народаў, скіраваных на знішчэнне іх нацыянальных эліт і генафонду».

5e50e09ad57202206faf8.png

Пераходны кабінет пагадзіўся з асноўнымі палажэннямі Рэзалюцыі Еўрапейскага парламента ад 23 кастрычніка 2008 года аб ушанаванні памяці аб Галадаморы, штучным голадзе ва Украіне (1932-1933), «а таксама грунтуючыся на нормах міжнароднага права і Статута ААН», пастанавіў «прызнаць злачынную палітыку камуністычнай дзяржавы супраць народа Украіны, якая прывяла да штучнага голаду ў 1932—1933 гадоў актам генацыду супраць украінскага народа і злачынствам супраць чалавечнасці».

Пераходны кабінет выступіў з асуджэннем Галадамора і іншых злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік Савецкага Саюза ў міжваенны перыяд.


У заяве гаворыцца: «Вядома, што заганная бальшавіцкая палітыка вынішчэння нязгодных тычылася як шырокіх нацыянальных груп, так і цэлых сацыяльных класаў. Ахвярамі масавага голаду пачатку 30-х гг. ХХ ст. сталі жыхары найбольш аграрна развітых рэгіёнаў савецкай дзяржавы – Украіны, Казахстана, Паволжа, Прычарназем'я, Заходняй Сібіры, Паўночнага Каўказа і інш., якія выступалі супраць палітыкі прымусовай калектывізацыі і харчовай праграмы камуністычнай улады.

У Беларусі ахвярамі гэтай палітыкі ў 1920-1930-я гады стала больш за 250 тысяч сялян, рэпрэсаваных савецкай уладай: забітых, раскулачаных, дэпартаваных у Сібір ці на Крайнюю Поўнач Расіі.

Як вынік, у перыяд з 1930 па 1933 год на тэрыторыі Беларусі адбылося больш за тысячу сялянскіх паўстанняў (у тым ліку жаночых, г.зв. «бабіных бунтаў»), а таксама некалькі хлебных бунтаў у гарадах, удзельнікі якіх былі жорстка пакараныя.


Вялікая частка беларусаў у спробах ратавання сваіх сем'яў была змушаная да пераезду ў іншыя рэгіёны – у тым ліку ва Украіну і на Паўночны Каўказ, якія сталі эпіцэнтрамі голаду ў 1932-1933 гг.

Таму, прызнаючы падзеі Галадамору актам генацыду супраць украінскага народа, мы таксама аддаем даніну памяці тым шматлікім беларусам, якія сталі ахвярамі гэтага злачынства на тэрыторыі савецкай Украіны і Крыма.

Пры гэтым падзеі 1930-1933 гг. прывялі да фактаў масавага голаду і на тэрыторыі самой Беларусі. Найбольш пацярпелі ад наступстваў масавага голаду і звязаных з ім хвароб Гомельская і Магілёўская вобласці БССР. Нам невядомая дакладная лічба памерлых ад голаду ў гэты перыяд, але іх колькасць толькі ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці ў 1932-1933 гг., паводле архіўных крыніц, склала больш за тысячу чалавек, што раўназначна чвэрці насельніцтва тагачаснага мястэчка.


Гэта з'яўляецца яшчэ адным фактам, што злучае гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў і паказвае агульнасць злачыннай палітыкі бальшавіцкага рэжыму на тэрыторыі нацыянальных рэспублік. Знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, масавыя дэпартацыі і давядзенне да галоднай смерці – гэта далёка не поўны спіс злачынстваў камуністычнага рэжыму супраць народаў Украіны і Беларусі ў ХХ ст. З улікам гэтага мы ў чарговы раз заклікаем да раскрыцця ўсіх дзяржаўных архіваў у Беларусі і даследавання дакладнай колькасці загінуўшых у выніку дзеянняў савецкай улады».

Пераходны камітэт адзначыў, што вартая будучыня для народаў Украіны і Беларусі стане магчымая толькі ў выніку правядзення паслядоўнай палітыкі дэкамунізацыі і вяртання да нацыянальных каштоўнасцяў.