Калі няма чым адказаць… Найважнейшае за 17 верасня

Улада не можа нічога супрацьпаставіць народнаму пратэсту. Яна пачынае дробязна помсціць, але тым самым робіць сабе толькі горш. Наколькі яна няўпэўненая і слабая, паказаў учорашні дзень.

ap_20260307507401_pic4_zoom_1500x1500_62582_1.jpg


Учора адбылося дзве значныя падзеі. Еўрапарламент прыняў-такі рэзалюцыю па Беларусі. Лукашэнка ў ёй не лічыцца прэзідэнтам, прадстаўніком беларускага народу вызначаная Каардынацыйная рада. Еўрапарламент рэкамендуе Еўракамісіі, сярод іншага, замарозіць трансферы сродкаў Еўрасаюза дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам і спыніць пазыкі ўраду ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і ЕББР.

Крок, калі ён пройдзе ў Еўракамісіі — даволі моцны. Лукашэнка ганарыцца беларускімі дарогамі, напрыклад, але ўмоўчвае, што грошы на іх рэканструкцыю дае ЕБРР. Дый мы ўжо пісалі, колькі грошай ад ЕС атрымліваюць, напрыклад, «самыя справядлівыя ў свеце» беларускія суды, уключаючы Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі.

І не дзіва, што рэакцыя ад Лукашэнкі была ці не імгненнай. На так званым «жаночым форуме» ён заявіў, што закрывае межы з Літвой, Польшчай і Украінай.

kurs_na_vtoroj_zheleznyj_zanaves_internet_eksperty_ob_anonimnosti_i_terrorizme_1.jpg


Што ён меў на ўвазе «пад закрыццём межаў», канешне ж, загадка. Наўрад ці тое, то грамадзян не будуць выпускаць з краіны, а замежнікаў — разварочваць. Бо тады — бывай, «Белавія» (кампанію можна лічыць банкрутам) і Чэмпіянат свету па хакеі-2021.

Але больш важнае, што Лукашэнка прызнаўся: «Мы вымушаныя вывесці войска з вуліц, палову войска паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную мяжу з захаду». То-бок, ён фактычна адкрытым тэкстам сказаў, што выкарыстоўваў войска для падаўлення пратэстаў унутры краіны. А значыць (калі я не маю рацыі, юрысты паправяць) усё тое, што адбывалася на вуліцах Беларусі, можна лічыць вайсковымі злачынствамі.

А паколькі «наш адказ Чэмберлену» атрымаўся вельмі нязграбным, улада працягвае маленькія подласці. Але гэтыя «маленькія» могуць выклікаць магутны адказ.

22062818_0_833x400_1.jpg


Напрыклад, у БНТУ настаўнікам забаранілі «публічна выказваць свае сімпатыі і антыпатыі» палітычным партыям, грамадскім аб’яднанням, што маюць палiтычныя мэты. Такім чынам, па-першае, бывай, Беларусь у Балонскім працэсе, а па-другое — настаўнікі і студэнты павінны, нават проста абавязаныя, выйсці з «Белай русі», БРСМ і праўладных прафсаюзаў. Бо кіраўнік ФПБ быў кіраўніком перадвыбарчага штабу Лукашэнкі, а значыць, арганізацыя мела палітычныя мжты.

Трэнера нацыянальнай зборнай па фрыстайле Мікалая Казеку пазбавілі імянной прэзідэнцкай стыпендыі. Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле патрабуе з яго вярнуць грошы, атрыманыя з 13 ліпеня 2019 па 2 чэрвеня 2020 года. Казека паслядоўна асуджаў гвалт на вуліцах Беларусі

bepdtr2640_1.jpg


Казека без працы не застанецца, а вось Беларусь застанецца без фрыстайлу. «Гэта ўжо дайшло да абсурду»; «Гледзячы на ўсё тое, што адбываецца цяпер, я адчуваю крыўду і гнеў»; «Мікалай Казека — сапраўдны герой Беларусі, які, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, праяўляе стойкасць і мужнасць», — такая рэакцыя спартыўнай супольнасці краіны.

Але, нягледзячы на рэпрэсіі, грамада таксама не спіць у шапку. Справа PandaDoc жыве и працягваецца. Больш за 500 сілавікоў ужо скарысталіся падтрымкай.