Уладзімір Някляеў: Мы адрадзіліся!

Найвысокай марай некалькіх пакаленняў беларусаў была мара пра нацыянальнае Адраджэнне. Беларусь рвалі на часткі, рэзалі па-жывому, ішлі на яе войнамі, вынішчалі беларусаў тэрорам, генацыдам, а мара лунала! І ўлілася морам бел-чырвона-белых сцягоў, сімвалам нацыянальнага Адраджэння ў жнівеньскую рэвалюцыю 2020 года.

Марш адзінства, фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Марш адзінства, фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Мара спраўдзілася.
Нацыя адрадзілася!
Гэта і ёсць гістарычны вынік рэвалюцыі, як бы яна ні развівалася далей.
Гэта вынік не толькі сёлетніх мірных пратэстаў, а змаганняў і ахвяраў мільёнаў беларусаў на працягу стагоддзяў. І сёння ён прызнаны Еўропай, неад'емнай часткай якой ва ўсе часы была Беларусь. Рэзалюцыя Еўрапарламента аб непрызнанні кіраўніком краіны ўзурпатара, які сілай утрымлівае ўладу, патрабаванне перадачы ўлады беларускаму народу і ёсць еўрапейскім, міжнародным прызнаннем гэтага выніку.
Барацьба за свабодную, дэмакратычную Беларусь не завершаная. Ваенная хунта гвалтам, здзекам, катаваннямі і забойствамі спрабуе вярнуць Беларусь да лукашызму, які сутнасна выявіў сябе як фашызм. Але зрабіць гэта ўжо немагчыма. Няма такой сілы, якая магла б перамагчы мільёны людзей, акрыленых ідэяй стаць свабоднай нацыяй.
Гэта і ёсць наша нацыянальная ідэя.
Гэта з ёй мы адрадзіліся.
Гэта з ёй жыла, жыве і будзе жыць Беларусь!
facebook.com