Каму муляла вочы «Таварыства беларускай мовы»?
На дзвярах памяшкання па мінскай вуліцы Румянцава, 13 вісіць абвестка, што яно здаецца ў арэнду: маўляў, звяртайцеся па ўказаным нумары тэлефона ў жыллёва-камунальную арганізацыю. Шмат хто ведае, што па гэтым адрасе з канца 1990 года і да мінулай восені знаходзілася сядзіба грамадскага аб’яднання ТБМ, згадвае ў сваім допісе на старонках «Народнай Волі» Лявон Баршчэўскі.
«Сябрамі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў свой час былі такія знакавыя постаці нашай культуры, як Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Радзім Гарэцкі, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Цыхун, Аляксей Марачкін, — згадвае Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. — Дык вось сёння памяшканне, у якім месцілася сядзіба ТБМ, пустуе. Ахвочых узяць яго ў арэнду, відаць, няма. А "Таварыства беларускай мовы" не можа працягваць сваю дзейнасць ні ў гэтым памяшканні, ні па-за ім з адной прычыны: Вярхоўны суд мінулай восенню ліквідаваў арганізацыю. Дзяржаўна-камунальная ўстанова, якая спаганяла з добраахвотнага таварыства за арэнду ні многа ні мала каля 1000 у.а. штомесяц, сёння не атрымлівае за памяшканне на Румянцава, 13 нічога…
Але справа нават не ў грошах. Скажыце: каму спатрэбілася пад корань выразаць беларускую мову? ТБМ імя Францішка Скарыны шмат рабіла для яе папулярызацыі, для таго, каб яна стала дзейсным чыннікам духоўнасці нацыі.
Зараз беларусам прапаноўваюць новы варыянт Канстытуцыі. Адразу ўзнікае пытанне: як жа яе распрацоўшчыкі задумваюць рэалізоўваць палажэнне, згодна з якім родная мова мае быць адной з дзяржаўных? Няўжо праз татальную "зачыстку" беларускамоўных у нашай краіне? Праз ліквідацыю іх арганізацый, звальненне іх з працы? Тут, як кажуць, у любога старонняга чалавека ў галаве з’явіцца кагнітыўны дысананс, а кажучы папросту — адчуванне, ці не сон гэта, ці не страшны кашмар?»