Выйшаў першы ў гэтым годзе нумар «Дзеяслова»
Свет пабачыў сёлетні першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў». Як і заўсёды, ён багаты на паэзію, прозу, пераклады, літаратурную спадчыну, піша «Радыё Рацыя».
Паэтычныя творы на суд чытачоў вынеслі паэты Андрэй
Хадановіч, Усевалад Сцебурака, Віктар Сазонаў, Уладзімір Кароткі, Алесь
Дуброўскі-Сарочанкаў і Марта Багдановіч. Усе гэтыя паэты розныя і своеасаблівыя.
У кожнага з іх свае светаўспрыманні, пачуцці і вобразы. У Андрэя Хадановіча
атрымалася добрая «Эмігранцкая песня»:
З галінак чужой прасторы
Збіраем гнёзды свае.
Жабрак з вясёлкавай торбы
Надзею нам падае.
Віктар Сазонаў шчыра піша пра родныя Гальшаны:
Нібыта сцерагуць туманы
І ўсё, што прыйдзе і сышло,
Мае халодныя Гальшаны…
Тут сама цёпла мне было…
Дэбютуе ў «Дзяслове» маладая паэтка Злата Клачок, дзе аўтарка
філасофствуе, што «бездань ёсць глыбіня, у якой я шукаю прабачэння…»
Раздзел прозы распачынае ўрывак з фантастычнай кінааповесці «Пацалунак Юніты» Анатоля Бароўскага. З цікавасцю чытаюцца апавяданні Віктара
Варанца, Сяргея Машанскага, Сяргея Календы і Алеся Кіркевіча.
Парадуюць чытачоў і пераклады японца Акутагава Руноскэ
(апавяданне «О-Гін» у перакладзе Аляксандры Пятровіч), вершы героя Украіны
Васіля Стуса ў перакладзе Галіны Дубянецкай і «Валынскія Каты-Легенды» Аляксандра Ірванца ў перакладзе Уладзіміра Арлова.
Добра чытаецца ліставанне Галіны Бурынай з Алесем Разанавым.
Вельмі арыгінальная публікацыя Сяргея Шапрана пра літаратурнае сяброўства
Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Цікава ўспрымаюцца словы пра
кніжнага графіка Кастуся Шаранговіча, якія апублікаваў у часопісе Адам Глобус.
Пра мастацка-вобразнае асэнсаванне немца ў беларускай
літаратуры XIX стагоддзя чытачы даведаюцца, калі прачытаюць даследаванне
Наталлі Бахановіч, а нататкі пра кнігі Лявона Валасюка «Непрыдуманыя партрэты» і «Далёкая сядзіба» — у артыкуле Юрыя Паталкова «Талент сардэчнай удзячнасці».
Рэдакцыя часопіса «Дзеяслоў» аднавіла апытанку-анкету для літаратараў. На пытанні «Дзеяслова» ў першым нумары адказваюць пісьменнікі Валянціна Аксак і Леанід Галубовіч.