Карбалевіч: «Вайна рэзка паскорыць пераход аўтарытарнага рэжыму Расіі ў таталітарны»

Беларускі палітолаг разважае пра самаліквідацыю «Эхо Москвы». І адзначае, што тэрміны да 15 гадоў «за распаўсюд дэзінфармацыі» — гэта нават не беларускія, а сталінскія прысуды.

waiting_for_the_worms_screenshot_02_1068x800_900x674.jpg

Радыёканал і сайт радыёстанцыі «Эхо Москвы» ліквідуюцца рашэннем Савета дырэктараў (Газпром-Медыя Холдынг). За два дні да таго ў Расіі перасталі працаваць станцыі «Эхо Москвы» і «Дождя», якія давалі аб'ектыўную карціну падзей у Расіі і свеце.

Тым часам у Дзярждуме РФ разглядаюць папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі «за распаўсюд дэзінфармацыі аб дзеяннях Узброеных Сіл РФ у ваенных аперацыях».

Расія імкліва рэалізуе рэпрэсіўны досвед Беларусі, дзе суды даюць рэальныя тэрміны за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і каментары ў сацсетках?

— Думаю, што вайна рэзка паскорыць пераход аўтарытарнага рэжыму Расіі ў таталітарны. У рамках таталітарнага свабода слова наогул не прадугледжваецца, таму ліквідуюць апошнія яе рэшткі — «Эхо Москвы», «Дождь», — кажа палітолаг Валерый Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — 15 гадоў за фэйкі — гэтая мера таксама тычыцца інфармацыйных кірункаў: незалежныя СМІ, сацыяльныя сеткі, блогі.

Гэта значыць, усё ідзе па беларускім сцэнары: задушыць незалежныя СМІ, прымусіць іх замаўчаць. І паспрабаваць стварыць інфармацыйную манаполію, у рамках якой будзе давацца толькі патрэбная ўладам інфармацыя

Нічога новага, усё гэта даўно вядома. Іншая справа, наколькі гэта рэальна ва ўмовах інфармацыйнай эпохі

— І што далей — адключаць інтэрнэт, заблакуюць Telegram, YouTube?

— Мяркую, з інтэрнэтам будуць весці барацьбу. Зусім адключыць, напэўна, не атрымаецца. Але могуць зрабіць тое, што паспяхова асвоілі беларускія ўлады: абвяшчэнне каналаў «экстрэмісцкімі» і адказнасць за тое, што іх слухаеш, глядзіш, ставіш лайкі; за гэта могуць караць. Тэрміны да 15 гадоў — гэта нават не беларускія, а сталінскія прысуды.

Гэта ўсё заканамерна і ніякага здзіўлення ў мяне не выклікала, паколькі з'яўляецца складовай часткай вайны. На вайне ўжо не да цырымоній.

Ці варта чакаць яшчэ большых зачыстак у інфаполі Беларусі? Эксперт лічыць, што ў цэлым захаваецца цяперашні ўзровень рэпрэсій: усе альтэрнатыўныя пункты гледжання будуць спыняцца ўладамі, і ў рамках існуючага трэнду працягнуцца затрыманні, арышты, суды над іншадумцамі.

Паводле gazetaby.com