Кашляе, рашае задачы, чытае Біблію. Як жыве былы студэнт БДУ Арцём Баярскі перад судом

29 лістапада пачнецца суд над былым студэнтам хімфаку БДУ Арцёмам Баярскім. Перад судом яму перасталі аддаваць лісты не ад сваякоў, хлопец працягвае вучыцца ў СІЗА і чытаць Біблію, распавядае «Радыё Свабода».

Арцём Баярскі

Арцём Баярскі

Як расказалі сваякі Арцёма Баярскага, на судовым працэсе Арцём будзе адзіным фігурантам. Суд мае быць адкрытым. Хлопец хвалюецца за тое, як усё пройдзе. Ён папрасіў сваякоў, каб усе, хто можа, прыехалі хаця б на першае пасяджэнне, каб з імі пабачыцца. Плануюць прыехаць бацькі, брат, цётка, дзяды і бабулі. Далейшы расклад пасяджэнняў пакуль невядомы.

Перад судом Арцёму дазволілі двойчы сустрэцца з бацькамі на кароткатэрміновых спатканнях.

Арцёму 20 гадоў. Ён гарадзенец. Перад затрыманнем вучыўся на другім курсе хімічнага факультэту БДУ. Знаходзіцца пад вартай 8 месяцаў. Яго вінавацяць у адміністраванні тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» (крымінальны артыкул 361-1 «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»), а таксама ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).

Апошнім часам хлопцу перасталі перадаваць лісты ад сяброў і знаёмых, даходзяць толькі ад сваякоў.

«Гэта такі спосаб псіхалагічнага ціску, калі чалавек можа і засумнявацца, ці не забыліся пра яго, ці сапраўды яго падтрымліваюць сябры і былыя аднагрупнікі, калі ніякіх вестачак ад іх не аддаюць», — мяркуе маці Арцёма Вольга.

Сам Арцём піша па 5 лістоў родным на тыдзень, амаль усе даходзяць. У яго бываюць розныя эмацыйныя перыяды за кратамі, калі перамагае то роспач, то надзея. У лістах бацькам ён піша, што іх любіць.

Былы студэнт працягвае на «Валадарцы» чытаць навукова-папулярныя часопісы, у тым ліку пра хімію. Просіць дасылаць яму навіны з медычнай сферы. Сваякі рэгулярна рыхтуюць для яго такі дайджэст, прыкладам, пра карыснае харчаванне або як пэўныя звычкі ўплываюць на жыццё чалавека. Таксама экс-студэнту ў СІЗА дасылаюць задачы па хіміі, а ён рашае іх і высылае адказы для праверкі на волю.

Арцём зацікавіўся ў няволі Бібліяй, прачытаў яе амаль усю. Ён просіць пісаць яму тлумачэнні пэўных біблійных прыпавесцяў, якіх ён не разумее, напрыклад пра Божае Валадарства, якое параўноўваюць з гарчычным зярняткам.

Да таго ж хлопец вучыць англійскую мову ў камеры. Сваякі дасылаюць яму раздрукоўкі практыкаванняў. Арцём папрасіў перад Калядамі прыслаць яму пераклад песні Jingle Bells, які ён рабіў яшчэ ў школе.

Больш за два месяцы ў Арцёма не праходзіць кашаль. Ён быў хваравітым з дзяцінства. Цяпер хлопец сядзіць у камеры, дзе больш за 10 чалавек, многія кураць.

Будучыні хлопец не плануе. Ён спадзяецца як мага хутчэй выйсці на волю.

«Нельга, каб дзеці сядзелі ў турме. Нельга ў бацькоў забіраць дзіця, нельга ў дзіцяці забіраць бацькоў. Безумоўна, гэта даецца вельмі цяжка. Кожны дзень слёзы, хаця іншым гэтага не паказваем. Вядома, мы ўсе жывём надзеяй, што дабро неўзабаве пераможа», — кажа Вольга Баярская.

Хто такі Арцём Баярскі

Арцёму Баярскаму 20 гадоў, ён паходзіць з Горадні. Вучыўся на другім курсе хімфаку БДУ. У жніўні 2020 году адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі разам з сотняй іншых студэнтаў. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах у хіміі. Пасля затрымання яго выключылі з БДУ. У верасні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўніверсітэт Вітаўтаса Вялікага на бакалаўрскую праграму «Біятэхналогія».

Першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада 2020 году пасля маршу пажылых людзей у Мінску. Тады арыштавалі на 15 сутак.

Другі раз яго жорстка затрымалі сёлета 24 сакавіка за бел-чырвона-белы сцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Спачатку ён адбыў адміністрацыйны арышт. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (пагражае да 7 гадоў калоніі). З’явілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Ён расказаў, што перад тым, як запісвалася гэтае відэа, яго білі.