Крыніцы: Праз санкцыі арандатарам «Dana Mall» прыходзяць лісты з пытаннямі ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў
Як стала вядома «Нашай Ніве», некаторым арандатарам гандлёвага цэнтра «Dana Mall» пачалі прыходзіць недвухсэнсоўныя лісты ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў з просьбай патлумачыць прыроду адносін з падсанкцыйнымі кампаніямі Карычаў, гандлёвымі цэнтрамі, звязанымі з іх бізнэсам. Гаворка пра самыя розныя крамы: ад адзення да тэхнікі.
«Мы не будзем хлусіць і, натуральна, прызнаёмся, што мы арандуем плошчы ў "Dana Mall". Натуральна, мы прадбачым і наступны ліст пасля нашага адказу, з патрабаваннем выехаць пад пагрозай спынення паставак, і пачынаем да гэта рыхтавацца», — гаворыць адзін з менеджараў, кампанія якога рыхтуе адказ еўрапейскім пастаўшчыкам.
Іншыя гульцы рынку нерухомасці Мінска патлумачылі, што
бізнэс ведае пра гэтыя праблемы: узнікла сітуацыя, калі з Карычамі разрываюць
папярэднія дамовы арэнды на яшчэ не здадзеных арэндных плошчах у «Мінск-Міры».
«Цяпер гэта пагражае тым, што заходнія пастаўшчыкі абяруць
сабе іншага прадаўца», — кажа абазнаны менеджар.
У канцы 2020 года Еўрасаюз наклаў санкцыі на «Dana
Holdings» / «Dana Astra» з аргументацыяй, што гэты бізнэс «падтрымлівае цесныя
адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам».
«Наша Ніва» хацела даведацца, як у «Dana Mall» бачаць будучыню ва
ўмовах санкцыйнага ціску, калі арандатараў могуць вымусіць сысці з пляцовак пад
пагрозай спынення паставак. Аднак у кампаніі адмовіліся ад вусных каментароў. «НН» накіравалі пісьмовы запыт і апублікуе адказ, як толькі яго атрымае.
«Dana Mall» — самы буйны гандлёва-забаўляльны цэнтр у
Беларусі. Тут знаходзяцца крамы многіх заходніх брэндаў — напрыклад, «Zara»,
«Stradivarius», «Bershka», «Pull & Bear», «Oysho», «Massimo Dutti», «New Balance»,
«I-Store», «PANDORA», «Next».