Лагойскіх школьнікаў затрымалі за надпісы супраць вайны
Двое падлеткаў 14 і 15 гадоў затрыманыя па абвінавачанні ў тым, што нанеслі графіці супраць вайны на помнік загіблым падчас Другой сусветнай вайны ў вёсцы Чудзенічы на Лагойшчыне.

Як паведаміў тэлеграм-канал МУС Беларусі, «надпісы і цынічныя малюнкі на стэле, усталяванай на брацкай магіле ў памяць аб партызанах і спаленых жыхарах, нанеслі з дапамогай балончыкаў». На відэа, якое ілюструе паведамленне, відаць надпісы супраць вайны ва Украіне і ўдзелу ў ёй Беларусі.
Паведамляецца, што падлеткі патлумачылі свой учынак «уплывам відэаролікаў з інтэрнету».
«Дзеянням падлеткаў будзе дадзена прававая ацэнка», — паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал.