Затрымалі начальніка IT-аддзела «Белмедпрэпаратаў»

На «Белмедпрэпаратах» затрымалі начальніка IT-аддзела. Пра гэта журналістам партала, прызнанага экстрэмісцкім, распавялі супрацоўнікі прадпрыемства.

belmedpreparaty_1.jpg


Мяркуецца, што гаворка ідзе пра Андрэя Ларыёнава. Прычынай магло стаць атрыманне хабару.
Здарэнне адбылося 3 сакавіка каля 16:00 паблізу будынка адміністрацыі прадпрыемства па вуліцы Фабрыцыуса.
«Затрыманне было каля прахадной. Спачатку яго паклалі тварам у асфальт, потым там жа, каля прахадной, афармлялі нейкія паперы. Супрацоўнікі якраз з змены выходзілі і ўсё гэта бачылі. Казалі, што сілавікі нейкі час былі яшчэ ў яго кабінеце. Потым з'ехалі. На працы з таго часу начальнік не з'яўляўся», — распавядаюць супрацоўнікі.
Якая структура затрымлівала Ларыёнава, няясна: адны з супрацоўнікаў прадпрыемства кажуць пра АБЭЗ. Іншыя заяўляюць, што на затрыманні былі таксама сілавікі САХРа або АМАПа.
Паводле «Еўрарадыё».