Літоўскія мытнікі затрымалі груз беларускіх кантрабандных цыгарэт на суму 1,9 млн еўра
Літоўскія мытнікі знайшлі ў спыненым на пераходзе грузавіку буйную партыю беларускіх кандтрабандных цыгарэт на суму 1,9 млн еўра. Кіроўцу затрымалі, піша Delfi.
У грузавіку былі схаваныя 1000 каробак (500 000 пачкаў) беларускіх цыгарэт «NZ Gold Super Slim».
Па словах службовых асоб, грузавік DAF, якім кіраваў грамадзянін Беларусі, прыбыў на мытны пераход Райгардас 30 ліпеня каля 20 гадзін. Кіроўца дэклараваў, што вязе 14,4 тоны вермікуліту з Казахстана транзітам праз Літву ў Нямеччыну.
Пры праверцы грузу з дапамогай рэнтгенаўскай наглядальнай сістэмы былі выяўленыя кантрабандныя цыгарэты, схаваныя пад мяшкамі з грузам. «Кошт цыгарэт складае каля 1,86 млн еўра», — гаворыцца ў паведамленні мытні.
Кіроўцу спачатку затрымалі на двое сутак. Па факце кантрабанды пракуратурай Каўнаскага раёна было распачатае дасудовае расследаванне. Рашэннем Каўнаскага ўчастковага суда ў панядзелак грамадзянін Беларусі, які кіраваў грузавіком, быў арыштаваны на два месяцы.
Ад сябе дадам, што калі кіроўцы так спакойна вязуць праз мяжу такую партыю кантрабанды, то, мабыць, абапіраюцца на пэўны ўдалы досвед. Улічваючы, як часта памежнікі Літвы і Латвіі (польскія радзей) выяўляюць кантрабандныя цыгарэты, іх паток з Беларусі ў ЕС ідзе няспынна. І шмат тытуню знаходзіць сваіх удзячных спажыўцоў.