Літоўскія мытнікі знайшлі партыю кантрабандных цыгарэт у грузе «Беларуськалія»

Мытнікі выявілі кантрабанду цыгарэт у цягніку з грузам беларускага вытворцы ўгнаенняў «Беларуськалій», паведаміла ў аўторак крымінальная служба мытні Літвы.

raigarde_muitininkai_ir_pasienieciai_sulaike_beveik_2_mln_euru_vertes_87718255.jpg

Паводле папярэдніх даных, выяўлена 159 скрынь, ці амаль 80 тыс. пачкаў, цыгарэт «NZ Gold» і «Minsk Capital» гродзенскай фабрыкі «Нёман», распавядае Delfi.lt.

Кошт кантрафактных цыгарэт, якія падлягаюць падаткам, складае каля 259 тыс. еўра. Груз быў правераны на чыгуначным пасту Стасілай.

Крымінальная служба мытні пачне дасудовае расследаванне аб кантрабандзе цыгарэт. Служба сцвярджае, што літоўскія мытнікі апошнім часам ледзь не кожны тыдзень знаходзяць у цягніках з Беларусі буйныя партыі кантрафактных цыгарэт.

Для правозу нелегальных цыгарэт кантрабандысты выкарыстоўваюць чыгуначны транспарт усіх тыпаў: адкрытыя і закрытыя вагоны, кантэйнеры, цыстэрны. Яны імкнуцца выкарыстаць асаблівасці канструкцый вагонаў — напрыклад, абсталююць схованкі за падвойнай сценкай, у задніх частках вагонаў, гаворыцца ў паведамленні.

Цыгарэты часцяком хаваюць і пад «прыкрыццём» грузаў, наўпрост «падмешваючы» скрынкі цыгарэт у афіцыйны груз або абсталёўваючы ў ім «схроны». У такіх выпадках нярэдка хаваюць цыгарэты ў насыпных грузах, якія цяжка правяраць — напрыклад, ва ўгнаеннях хлорыстага калію, закопваюць іх у груз ці хаваюць у драўніне, кажуць мытнікі.

Адна з самых папулярных схованак такога тыпу называецца «труна» — калі цыгарэты размяшчаюць ў спецыяльна выразаных паражнінах ў драўніне.

Крымінальная служба мытні сцвярджае, што правяраць вагоны складана як праз вялікі паток грузаў, так і праз абмежаваныя тэрміны праверкі. Колькасць затрыманняў кантрафакту на чыгуначным транспарце ў апошнія гады расце. У 2019 годзе было зафіксавана 14 затрыманняў кантрафакту на чыгунцы, у 2020 годзе — 36, а за першае паўгоддзе 2021 года — 37.

Кошт затрыманай у гэтым годзе кантрабанды цыгарэт на чыгунцы дасягае прыкладна 4 млн. еўра.