Літоўскія памежнікі будуць вяртаць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь

Кіраўнік аперацый дзяржаўнай надзвычайнай сітуацыі Літвы Агне Білатайтэ прыняла рашэнне, што ўсе службы, якія адказваюць за ахову дзяржмяжы, павінны прыняць усе неабходныя меры, прапісаныя ў законе для аховы мяжы і зрабіць усё, каб яе ў неналежных месцах не маглі перасекчы нелегалы, піша Delfi.lt.

druskininku_pasienio_uzkarda_87690303.jpg

Рашэнне было прынята з улікам таго, адзначае выданне, што «маштабы гібрыднай агрэсіі з боку Беларусі растуць і з моманту аб'явы надзвычайнай сітуацыі паток нелегалаў вырас у разы».

«Супрацоўнікі Службы аховы дзяржмяжы Літвы — кампетэнтныя, яны могуць прымаць тактычныя меры ў падобных сітуацыях. Мяжу Літвы павінны абараняць усімі законнымі спосабамі ад любога незаконнага перасячэння, як інструмента гібрыднай атакі, якую цяпер праводзяць супраць Літвы. Людзей, якія наўмысна незаконна перасякаюць мяжу ў забароненых месцах, павінны расцэньваць як злачынцаў, якія маюць намер здзейсніць супрацьзаконнае дзеянне — незаконна перайсці мяжу», — сказала Білатайтэ.

У працэсе аховы дзяржмяжы і для яе абароны ад нелегальных мігрантаў памежнікаў абавязалі накіроўваць просьбітаў прытулку да найбліжэйшага міжнароднага кантрольна-прапускнога пункта або ў дыппрадстаўніцтва. Старшыня літоўскага парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас сказаў, што дзяржмяжу павінны ахоўваць, а памежнікі не павінны выконваць функцыі адміністратараў гасцініц.

«Мы з году ў год гаворым аб гібрыдных пагрозах, гібрыднай агрэсіі, але калі мы наўпрост сутыкаемся з гэтай пагрозай, мы па-ранейшаму кіруемся ўжо неактуальнымі інструкцыямі і састарэлым мысленнем. Рэжым Лукашэнкі сёння паведаміў, што адкрываюцца дадатковыя авіярэйсы ў тры іракскія гарады. Нелегальныя мігранты свядома супрацоўнічаюць з беларускім рэжымам і нахабна, цынічна і беспакарана парушаюць законы Літвы.

Міграцыя можа быць толькі легальнай. Нелегальная міграцыя як частка гібрыднай атакі толькі кампраметуе інстытут абгрунтаванага палітычнага прытулку.

Таму я вітаю рашучасць улады ў прыняцці жорсткіх мер для спынення гібрыднай атакі Беларусі супраць нашай краіны. Згодна з рэзалюцыяй, прынятай на пазачарговай парламенцкай сесіі ў сярэдзіне ліпеня, у якой мы прапанавалі выканаўчай улады распачаць усе меры для ўрэгулявання гібрыднай пагрозы, сёння структуры ўнутраных спраў абавязалі прымяняць супраць нелегальных мігрантаў спецыфічныя меры і неадкладна вяртаць іх на тэрыторыю Беларусі.

Я паслядоўна выступаю за выкарыстанне такіх мер, паколькі гэтага патрабуе цяперашняя сітуацыя. Давайце падтрымаем дзеянні САДМ і іншых, а таксама супрацоўнікаў сістэмы ўнутраных спраў у ажыццяўленні гэтага рашэння па абароне мяжы Літвы», — напісала Білалайтэ ў Facebook.

Сёлета мяжу Беларусі і Літвы нелегальна перайшлі 3832 мігрантаў.