Лёс беларускай незалежнасці

Ці пазбегне Беларусь лёсу Брэтані? І калі змаганне за мову з суседкай-імперыяй будзе прайграна (як гэта было ў Ірландыі), то ці пойдзе Беларусь у барацьбе за суверэннасць і грамадзянскія свабоды шляхам ірландцаў, а не брэтонцаў? І нават больш: ці можна спадзявацца, што Беларусь не стане расійскай Брэтанню?



1_2.jpg

Анджэй Суліма Камінскі

Цяперашнія ўлады, а перадусім Аляксандр Лукашэнка, відаць, больш прывязаныя да мовы ўсходніх суседзяў, чым да сваёй уласнай. Адасабленне ад Еўропы і цесныя сувязі з Расіяй падводзяць да не вельмі аптымістычнага адказу на толькі што пастаўленыя пытанні.

Праціўнікі Лукашэнкі — злева, справа і з ліберальна-дэмакратычнага цэнтру, кожны па-свойму, — стараюцца стрымліваць працэсы брэтанізацыі. Для адных барацьба за мову з’яўляецца інтэгральнай часткай барацьбы за суверэннасць, для іншых моўнае пытанне не з’яўляецца такім важным. Аднак усё большая частка апазіцыі, а таксама і цяперашняга электарату Лукашэнкі пачынаюць разумець аддаленыя наступствы палітыкі «зачыненых дзвярэй», якія аддзяляюць Мінск ад Еўропы.

Абуджэнне нацыянальных рухаў

Цікава і карысна паглядзець на змены ў Еўропе на працягу двух тысячагоддзяў, карыстаючыся для параўнання наборам карт, якія адлюстроўваць не толькі дзяржаўныя межы, але таксама межы рэлігій, мовы і народнасцяў праз кожныя 500 або 300 гадоў.

Здзіўляе адсутнасць стабільнасці, знікненне шматвяковых запісаў і з’яўленне невядомых раней назваў. Здзівіць нас можа і адыход у нябыт моваў высокай літаратуры, такіх, як правансальская або старабеларуская, не кажучы ўжо пра лаціну, без якой увогуле не было б еўрапейскай цывілізацыі. Здзівіла б нас таксама знікненне і раптоўнае ўваскрэсенне этнонімаў.

І сапраўды, народы, якія на працягу доўгіх стагоддзяў як быццам знаходзіліся ў стане зімовай спячкі, даволі хутка абудзіліся і пачалі самі вырашаць свой лёс — так было ў выпадку славакаў, славенцаў, латышоў і эстонцаў.

У сучасных дэмакратычных дзяржавах нацыянальныя рухі далей выступаюць з патрабаваннем пашырэння аўтаноміі і самакіравання: баскі, шатландцы, у меншай ступені валійцы і нямецкія аўтахтоны на Апольшчыне [Opolszczyzna, Польшча — рэд.].

Расія і Кітай — шматнацыянальныя імперыі з арбітральным спосабам кіравання — з’яўляюцца майстрамі ў вырашэнні гэтых спраў. Іх кіраўнікі добра разумеюць, што гэта бомба, якая выбухае звычайна ў часы наймацнейшага крызісу, які знясільвае дзяржаву.

Узгаданыя імперыі з’яўляюцца прафесіяналамі ў запуску злучальных і асіміляцыйных працэсаў. Узорам для іх служыць, з аднаго боку, міжнародны «кацёл» — ЗША, а з другога — Брытанія. Пры тым, аднак, ні кітайцы, ні рускія не могуць змірыцца са стратай этнічнай дамінацыі, таму іх манеўры а-ля ЗША даволі абмежаваныя.

Трэці Рым

Вось ужо некалькі стагоддзяў Крэмль вядзе барацьбу за падпарадкаванне зямель і народаў, якія некалі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Ваенная агрэсія заўсёды суправаджалася змаганнем за сімвалы і гісторыю. Не хацелася б тут развіваць гэтую тэму, але варта прыгадаць некаторыя аповеды. З аднаго боку, пра Белага Каўпака — перанос сімвалу праўдзівай веры з Рыму ў Візантыю, а затым — у Ноўгарад. З другога — тэорыю Трэцяга Рыму, лакалізаванага ў Маскве.

Калі ідэя Трэцяга Рыму апраўдвала дамінаванне маскоўскай Царквы ў праваслаўі, то больш позні вобраз трох дружных сясцёр — Расіі, Малой Русі і Беларусі — выкарыстоўваўся дзеля абгрунтавання іх падпарадкавання старэйшай сястры — Маскве.

Пад канец XVIII стагоддзя, пасля захопу большасці тэрыторый Русі, афіцыйны Санкт-Пецярбург узмацніў рыторыку абаронцы і пратэктара ўсяго славянскага і праваслаўнага свету. Не дзіўна, што паўночная Семіраміда з такой зацятасцю пераследавала грэка-каталікоў на землях, якія былі захопленыя падчас падзелаў Рэчы Паспалітай. Уладарам Расіі, як раней, так і сёння, было больш выгодна, каб большасць славянскіх народаў уваходзіла ў абшар праваслаўя і прыслухоўвалася да рэкамендацый Рускай Праваслаўнай Царквы. Гэты аспект духоўнай залежнасці можна прасачыць як у гісторыі, так і ў сённяшняй палітыцы.

2_.jpg

Лубачная выява канцэпцыі «Масква — Трэці Рым», стылізаваная пад праваслаўную ікону. Аўтар невядомы, час стварэння — 2011 год

Праваслаўе, непасрэдна падпарадкаванае свецкай уладзе з часоў Пятра І, выконвала функцыю абароннага шчыта Расіі перад «чужынскімі ўплывамі» і дапамагала абгрунтоўваць пашырэнне дзяржавы на захад і поўдзень. Наступ у паўднёвым напрамку трактаваўся як «вызваленне» праваслаўных з атаманскай няволі. Агрэсія на захад называлася «вяртаннем» праўдзівай праваслаўнай веры беларусам і ўкраінцам. Адрозненне Расіі ад Захаду падкрэслівалася з дапамогай рэлігійна-этычнай тэрміналогіі. Тут была праўдзівая вера і чыстае сэрца, там — сапсаваная суверэнная царква і маральная дэградацыя. Апошнім часам выбар паміж Расіяй і Еўропай стаў асабліва актуальным для ўсіх народаў, вызваленых у 1989 або 1991 годзе ад савецкай імперыі.

Беларусь і Украіна: пагроза паўторнай «брэтанізацыі»

Этнічная Польшча, якая ў Х стагоддзі прыняла хрысціянства ў рымскім абрадзе, успрымалася як траянскі конь у славянскім моры, як еўрапейская краіна, якая ўводзіла «ворага Расіі» — еўрапейскасць — на землі беларускай і ўкраінскай славяншчыны. Калі глянуць на мапу Еўропы ХІХ стагоддзя (за выключэннем Каўказскага рэгіёна), то можна налічыць як мінімум 20 народнасцяў, якім вялікія дзяржавы наканавалі лёс брэтонцаў.

Аднак ужо ў 1918 годзе большасць з іх выбіла сабе незалежнасць. Іншыя далучыліся да іх у 1989–1991 гадах. Але назіраючы за дзеяннямі Крамля і цэнтралісцкай палітыкай Брусэля, пагроза паўторнай «брэтанізацыі» падаецца дагэтуль актуальнай і на дадзены момант найбольш пагражае Беларусі і Украіне.

Украінцы, абараняючыся, зноў выходзяць на Майдан і стараюцца не дазволіць адасаблення ад Еўропы і ўзмацнення залежнасці ад Расіі. Ці атрымаецца ў іх, пакуль што невядома, але напэўна варта імі захапляцца. Яны крычаць на Майдане, што з’яўляюцца еўрапейскай краінай і не будуць станавіцца на калені перад Пуціным. Януковіч, аднак, ужо стаіць на каленях, а суседзі ўкраінцаў, напрыклад, Польшча, як быццам няздатныя (з-за страху?) на грузінскі жэст святой памяці Леха Качынскага.

Заўважым, аднак, што з часоў Багдана Хмяльніцкага ўкраінскія падзеі досыць моцна ўплывалі на Беларусь. Ці і гэтым разам так будзе? Хочацца ў гэта верыць, бо кожны масавы грамадзянскі супраціў стрымлівае працэсы брэтанізацыі. Ён страсае маладое пакаленне, ачышчае з закасцянелага бруду саветызацыі.

А што ж беларусы?

Мае беларускія сябры кажуць, зыходзячы са статыстычных дадзеных, што сённяшняя школьная моладзь ужо не адносіць да пяці найвялікшых герояў Беларусі імператрыцу Кацярыну, званую Вялікай, Пятра І, Суворава, як гэта было ў 1993 годзе.

Гэта, канешне, добрая навіна, якая сведчыць пра эфектыўную барацьбу настаўнікаў і прафесійных гісторыкаў за права на ўласную гісторыю. Але ці дае падставы для аптымізму афіцыйная і выкладзеная ў падручніках і медыях ацэнка Другой сусветнай вайны? У якой ступені маладыя беларусы ангажуюцца ў змаганне за ўласную грамадзянскую, а разам з гэтым і суверэнную Беларусь? Можна разгледзець гэтую з’яву праз мікраскапічную прызму Універсітэта ім. Рышарда Лазарскага ў Варшаве.

Вось ужо 7 гадоў там існуе Цэнтр беларускіх даследаванняў і ладзяцца міжнародныя канферэнцыі, якія збіраюць разам прадстаўнікоў апазіцыйнай эліты Беларусі, а таксама беларускіх і замежных гісторыкаў, сацыёлагаў і экспертаў у розных галінах. Ва Універсітэце Лазарскага навучаюцца больш за 200 студэнтаў з Беларусі, але ў ліфтах, на калідорах і ў сталоўках гучыць руская мова.

Апрача таго, беларускія студэнты вельмі рэдка цікавяцца Беларускім цэнтрам і рэдка бяруць удзел у яго ініцыятывах, хоць, праўда, апошнім часам сітуацыя паляпшаецца. Найбольш здзіўляе адсутнасць зацікаўленасці ў альтэрнатыве для цяперашняга status quo. Ці прычынай таму не вельмі тыповы для маладых людзей, маладушны эгаістычны прагматызм, ці нейкая духоўная несумяшчальнасць моладзі з прысутнымі на канферэнцыях прадстаўнікамі апазіцыі?

Варта таксама паставіць пытанне, чаму ў лепшым выпадку 10% студэнтаў з Беларусі наведвае і ўдзельнічае ў працы Беларускага цэнтра. Адначасова трэба заўважыць, што большасць з іх вельмі хутка асвойваюць польскую і англійскую мовы, а найбольш энергічныя пасля атрымання дыплому едуць далей на Захад.

Універсітэт Лазарскага

Выбар Польшчы як месца атрымання адукацыі сведчыць пра тое, што калі не самі маладыя людзі, то іх бацькі свядома зрабілі стаўку на еўрапейскі выбар, а не на «правільную», дамашнюю, лукашэнкаўскую адукацыю. Калі так, дык адкуль бярэцца моладзевая пасіўнасць? З чым звязана іх нешматлікасць на нашых канферэнцыях? З тым, што так многа часу прысвячаюць вучобе? Ці, можа, таму, што не толькі Лукашэнка, але і апазіцыя не мае для іх ніякай вартай увагі прапановы? Ці канфлікт Лукашэнкі з палітычна разрозненай апазіцыяй успрымаецца толькі як барацьба за ўладу, замену эліты, а не перадача краіны ў рукі самасвядомых грамадзянаў?

lazarski1.jpg

Беларускія сацыёлагі, якія шмат гадоў даследуюць і аналізуюць змены ў поглядах беларускага насельніцтва, маюць розныя меркаванні на гэты конт. Некаторыя адказы можна знайсці ў афіцыйнай прэсе, але большасць з іх з’яўляюцца ў недзяржаўных медыях. Трэба звярнуць увагу, галоўным чынам, на наступствы цэнтралізаванага кіравання палітычнымі партыямі для грамадзянскай прасторы праз прызму досведу польскай, чэхаславацкай і венгерскай апазіцыі.

Досвед партый

Непасрэдна перад падзеннем камунізму паасобныя групы актыўных апазіцыянераў на тэрыторыі Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі ўзаемадзейнічалі ў рамках агульнанацыянальных грамадзянскіх камітэтаў. Пасля падзення камунізму на месцы камітэтаў з’явіліся партыі, якія ледзь не ваявалі адна з адной і прапаноўвалі розныя палітычныя, грамадскія і культурныя праграмы. Грамадзяне мелі права свабоднага выбару, якое выкарысталі падчас дэмакратычных выбараў. Выбарчая яўка, аднак, вельмі хутка пачала падаць і зараз рэдка ўжо перавышае 60%.

Усе партыі пераконвалі ў слушнасці сваіх праграмаў, абяцалі іх рэалізаваць, але ці якая-небудзь з гэтых партыяў дзялілася сваёй уладай з грамадзянамі? Ці якая-небудзь палітычная партыя можа адмовіцца ад цэнтралізаванага кіравання? Ці якая-небудзь партыя ўводзіла на доўгі час прынцып дэмакратычнага выбару партыйных уладаў? І ўрэшце, якая з вялікіх партый увяла прававыя і інстытуцыйна-сістэмныя гарантыі верхавенства грамадзянаў над выканаўчай уладай?

Амаль усе ліберальна-дэмакратычныя партыі абяцалі ўвесці сапраўднае самакіраванне, а таксама мажарытарныя выбары ў парламент. Але ў Польшчы дагэтуль няма мажарытарных выбараў, а ў прапарцыйных выбарчых акругах людзі галасуюць па спісах, якія складаюцца кіраўніцтвам партыі. Людзі становяцца дэпутатамі толькі па той прычыне, што з’явіліся ў спісе па волі Дональда Туска або Яраслава Качыньскага. Такая ж сітуацыя і ў посткамуністычнай партыі Лешка Мілера.

Паўтараецца сітуацыя з апошняга перыяду Рэчы Паспалітай, калі «паводле рэкамендацыі і просьбы да паноў-братоў», скіраванай Радзівілам, Патоцкім ці Сапегам, абіраліся паслы ў Сойм. У тыя часы ў гарадах, мястэчках і паветах дзейнічала мясцовае самакіраванне, прадстаўнікі якога зацята змагаліся за свае правы і прывілеі.

Досвед грамадзянскай актыўнасці

Сёння мясцовае кіраванне — кавальня грамадзянскага духу і актыўнасці — ўсё яшчэ вельмі абмежаванае. Чым меншы доступ і ўдзел грамадзянаў у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні, тым слабейшы грамадзянскі этас і тым большая верагоднасць пераўтварэння грамадзянаў у вернападданых і палітычна пасіўных нахлебнікаў.

Вядома, што апазіцыйныя партыі ў Беларусі стараюцца быць як мага бліжэй да сваіх суайчыннікаў і браць удзел у вырашэнні іх штодзённых праблемаў. Ведаю, што яны стараюцца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, але не ведаю, у якой ступені пры фармуляванні сваіх прапаноў яны спасылаюцца на прыклады з беларускай гісторыі.

А спасылка на гэтыя ўзоры дазволіла б ясна паказаць, у якой ступені быў парушаны баланс паміж самакіраваннем і цэнтральнай уладай, у якой ступені ў колішняй грамадзянскай прасторы разраслося пустазелле вернападданства.

Беларусь мае багатую і прыгожую традыцыю гарадской і павятовай грамадзянскасці, якая каранямі сягае ў часы Рэчы Паспалітай. Мае слаўныя старонкі барацьбы за адбудову суверэннасці або прынамсі аднаўлення грамадзянскага духу і культуры першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя.

Мае векапомную драматычную гісторыю заходнебеларускай вёскі, якая старалася абараняцца і перажыць жахлівы час, калі на ўсход маршыраваў нацызм, а на захад — камунізм, знішчаючы яе дашчэнту. У 1991 годзе новая суверэнная ўлада не прысвяціла «калгаснаму» вясковаму насельніцтву належнай увагі. Такім чынам, вёска засталася па-за абшарам дэмакратычных ператварэнняў. Такі падыход у Польшчы прывёў да з’яўлення на палітычнай сцэне А. Лепера, а ў Беларусі — спрасціў палітычную кар’еру Лукашэнку.

За сапраўднае самакіраванне

Усе палітычныя партыі заўсёды заяўлялі, што маюць адзіна правільныя праграмы і заклікалі электарат іх падтрымаць. Але мы, звычайныя людзі, рэдка атаясамліваем нашы погляды з ідэямі, сфармуляванымі ў іх праграмах. Часам, магчыма, хацелася б размеркаваць нашу падтрымку: тут — 65%, там — 25%, яшчэ дзе — 10%.

Нават у ЗША, якія ад пачатку ХХ стагоддзя знаходзяцца пад уладай адной з дзвюх партыяў («рэспубліканцаў» або «дэмакратаў») стоадсоткавая падтрымка для адной партыі — рэдкасць. Бывае, што людзі, якія звычайна галасуюць за дэмакратаў, падчас прэзідэнцкіх выбараў аддаюць голас за кандыдата-рэспубліканца. Такая зменлівасць назіраецца і ў выпадку губернатарскіх выбараў.

Шматпартыйныя палітычныя арганізацыі прадстаўляюць непараўнальна больш дыферэнцыяваныя і дэталізаваныя праграмы, але выбарцы рэдка схільныя на 100 працэнтаў падтрымаць тыя ці іншыя прапановы. Мяркуючы, аднак, з майго досведу жыцця ў ЗША, ніводны грамадзянін так хутка не адмовіцца ад удзелу ў выбарах мэра, шэрыфа або, што вельмі важна для многіх бацькоў, павятовага ці гарадскога шэфа адукацыі.

Змаганне за сапраўднае самакіраванне магло б стаць асноўным лозунгам усіх партыяў, якія сапраўды з’яўляюцца дэмакратычнымі. Нават калі мясцовыя выбары выйграюць, тым ці іншым спосабам, прыхільнікі Лукашэнкі, то і так гэта будзе перамога, якая можа стварыць шанцы для адраджэння грамадзянскасці.

Мясцовыя органы кіравання ў Чэхіі, Славакіі і Венгрыі вядуць барацьбу з кожным урадам за пашырэнне іх рэальных правоў. Яны ўсё яшчэ маюць менш улады і грамадзянскай вагі, чым іх адпаведнікі ў Швейцарыі, Англіі ці ЗША.

Адначасова гэта кузня грамадзянскага духу і грамадзянскага modus operandi. Не забывайма, што грамадзяне нараджаюцца ў змаганні за свае штодзённыя фундаментальныя правы і правы сваіх дзяцей, за магчымасць прымаць рашэнні, якія тычацца вуліцы, квартала, вёскі або мястэчка. Памятаючы пра гэта, мы маем шанец скараціць дыстанцыю паміж дэмакратычнай апазіцыяй.

1.jpg

Анджэй Суліма Камінскі — выпускнік гістарычнага факультэта Ягелонскага ўніверсітэта. У 1970–1982 гадах — прафесар Калумбійскага ўніверсітэта (Нью-Йорк). З 1982 года працуе ў Джорджтаўнскім універсітэце ў Вашынгтоне. Сферай яго навуковых інтарэсаў з’яўляецца гісторыя Рэчы Паспалітай, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Расіі XVI–XVIII стагоддзяў.
Ён спрычыніўся да развенчвання шматлікіх стэрэатыпаў, звязаных з міжэтнічнымі адносінамі ў Рэчы Паспалітай. Яго называюць стваральнікам «габрэйскай школы Камінскага», якая займаецца даследаваннем польска-габрэйскай гісторыі. Адзін з ініцыятараў і стваральнікаў арганізацыі «East Central European Scholarship Program» для навукоўцаў з посткамуністычных краін. Выхаваў цэлае пакаленне даследчыкаў гісторыі Рэчы Паспалітай. Яго вучні працуюць у вядучых універсітэтах ЗША, Канады, Шатландыі, Ізраіля і Польшчы. 
Пасля 1989 года часта выкладае ў Польшчы. З 2004-га штогод удзельнічае ў Летняй школе Studium Europy Wschodniej Варшаўскага Універсітэта для даследчыкаў з посткамуністычных краін, у большасці — беларусаў і ўкраінцаў. Стварыў Інстытут грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі пры Універсітэце Лазарскага, у структуры якога пазней паўстаў Беларускі цэнтр і стыпендыяльная праграма для навукоўцаў, творцаў і дэмакратычныя дзеячаў з Беларусі. 
Справу развенчвання гістарычных міфаў працягвае ў цыкле канферэнцый «Вяртанне забытай гісторыі. Уяўленні пра Цэнтральную і Усходнюю Еўропу ў англамоўных акадэмічных падручніках». 
У 2008 годзе прафесар Камінскі быў адзначаны Камандорскім Крыжам Ордэну Адраджэння Польшчы.