Ловяць рыбу ў каламутнай вадзе. Як КДБ «захапіў» беларускую эміграцыю
Калі і ёсць тры літары, здольныя нарадзіць жывёльны страх у беларуса, то гэта будуць «К», «Д» і «Б». Пры ўсёй павазе да лукашысцкага ГРУ такой славай, як «кантора», гэтая ўстанова пахваліцца не можа.
З гадамі абрэвіятуры змяняліся, — Францішак Аляхновіч вырваўся з кіпцюроў ГПУ, пасля вайны беларускіх патрыётаў тэрарызавала берыя-цанаваўскае МДБ — а чэкісцкая сутнасць заставалася.
Застаўся і страх. Паводзіны беларусаў эвалюцыянавалі падобным да абрэвіятуры шляхам: 30 гадоў таму яшчэ з савецкай звычкі мы шукалі вакол сябе сексотаў, а цяпер — навамодную «агентуру». Лексікон новы — існасць старая.
Безумоўна, значны ўнёсак у гэтую моду зрабіў Зянон Пазняк. Але тут у большай ступені вінаваты не ён сам, а прыхільнікі, якія занадта літаральна ўспрымаюць ягоныя выказванні. Рэдкіх людзей патрыярх беларускай палітыкі наўпрост абвінавачваў у супрацы з КДБ. Часцей былы лідар «Фронту» выкрываў метады працы «канторы», якія бачыў яшчэ за савецкім часам. Згадайце, колькі разоў Пазняк даракаў Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, бо тыя на ягоную думку, вяліся на чэкісцкія правакацыі? Але гэта не перашкаджала яму хваліць іх за іншыя справы і прызнаць: «Яны сядзяць за Беларусь».
Аднак для шмат каго з прыхільнікаў Пазняка чароўнае слова «агентура» становіцца чырвонай анучай. Толькі скажы яго — у сексоты адразу ж пачнуць запісваць усіх: Святлану Ціханоўскую, якая невядома пра што размаўляла з чэкістамі ў кабінеце Лідзіі Ермошынай; Паўла Латушку з ягоным шматгадовым досведам у МЗС і Саўміне. Хаця нястомна крытыкуючы палітычных апанентаў, лідар «Вольнай Беларусі» не абвінавачваў іх у супрацы са спецслужбамі.
Нічым не лепшая сітуацыя і ў іншай плыні беларускай эміграцыі. Там таго самага Пазняка ўжо запісалі ў хаўруснікі Лукашэнкі і ягоную агентуру, бо абодва крытыкуюць «новую апазіцыю». Пры гэтым намагаюцца не згадваць, што заснавальнік БНФ ці не штодзённа тлумачыць антыбеларускую сутнасць рэжыму. І зноў жа: такіх абвінавачанняў мы не чуем ні ад Ціханоўскай, ні ад Латушкі — толькі ад іхных прыхільнікаў.
І добра, калі б кляймілі аднаго Пазняка. «Сексотам» цяпер лёгка стане любы беларус, які ў размове з прыхільнікамі Святланы Ціханоўскай пачне аспрэчваць ейнае лідарства. Крый божа, паспрабуй засумнявацца ў яе безумоўнай перамозе на выбарах у першым туры — адразу ж ператворышся ў «агента КДБ».
«Агентурай» цяпер можна стаць не толькі за «няправільнае» стаўленне да Ціханоўскай, Пазняка ці Латушкі. Для кагосьці маркерам супрацы з КДБ будзе руская мова, для іншых — паездкі дадому, трэція будуць дакараць за сяброўства з лукашыстамі — тут ужо залежыць ад катэгорыі людзей, з якімі вы стасуецеся. Але галоўны прынцып адзін: нязгодны — значыць «агентура».
Днямі ў тэлеграм-канале «Народнай грамады» з’явіўся дзіўны ліст, нібыта дасланы ў літоўскі Сейм, пра «непрызнанне Святланы Ціханоўскай як нацыянальнага лідара». Гэтую публікацыю партыя пасля выдаліла, ад зварота адхрысцілася. А ўсім вядомае паважанае беларускае медыя пра сітуацыю напісала, згадаўшы ў загалоўку, што ад «Грамады» ў Каардынацыйную раду балатавалася найбольш «агентуры». Іншыя ж супраць спадарыні Святланы выступіць не могуць, хіба не?
Падліў алею ў агонь лукашэнкаўскі прапагандыст Ігар Тур, які паабяцаў, што беларускія спецслужбы будуць падтрымліваць «апазіцыю да апазіцыі». Тут жа гэтую заяву распаўсюдзіла тое самае медыя, адзначыўшы Зянона Пазняка, Паўла Вусава, Івана Краўцова, Валера Цапкалу і Дзмітрыя Балкунца як асноўных праціўнікаў Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Падтэкст зразумелы: вось яна, агентура!
Гэткія пошукі агентуры нагадваюць усім вядомага чалавека, якога негатыўна ацэняць і Ціханоўская, і Латушка, і Пазняк, і Краўцоў, і Цапкала, і ўся-ўся беларуская эміграцыя — таварыша Сталіна са шпіёнаманіяй, што з ягонай лёгкай рукі нарадзілася ў СССР у часы тэрору 1930-х гадоў. У савецкіх замежных агентаў і дыпламатаў тады існавала верная прыкмета арышту — раптоўнае адкліканне ў Маскву, для якога не было нагодаў. Пасол у Балгарыі Фёдар Раскольнікаў пасля такога загаду не стаў добраахвотна купляць білет на Лубянку і тэрмінова пераехаў у Парыж. А пазней у эмігранцкай прэсе выступіў з адкрытым лістом да крамлёўскага Кобы.
«Карыстаючыся тым, што вы нікому не давяраеце, сапраўдныя агенты гестапа і японскай выведкі з поспехам ловяць рыбу ў каламутнай, узбоўтанай вамі вадзе, падкідаючы вам у дастатку фальшывыя дакументы, што ганьбяць найлепшых, таленавітых і сумленных людзей», — звяртаўся Раскольнікаў да Сталіна.
Не варта недацэньваць моц КДБ. Ёсць сярод агентаў «канторы» і не надта кемлівыя мадэлі з «Онліфанс», і шматгадовыя сексоты, якіх выкрываюць толькі дзякуючы выпадковасцям.
«У шматмільённых шэрагах сексотаў нямала і гаваркіх, і маўклівых, нахабных і сьціплых, дурнаватых і надта ж разумных, — самы шырокі выбар. Навербавалі за семдзесят гадоў», — пісаў у другой палове 1990-х Васіль Быкаў.
Сексотаў вакол нас багата. Яны ўсміхаюцца нам, згаджаюцца ва ўсім, з ахвотай п’юць з намі каву, з болем распавядаюць пра рэпрэсіі ў дачыненні сябе. Мы ж гэтым часам бачым «агентуру» ў кожным нязгодным з Пазняком ці Ціханоўскай, у рускамоўных, ва ўсіх, хто праз тры месяцы ездзіць дадому. Давайце працягваць! А сапраўдныя агенты КДБ няхай і далей ловяць рыбу ў каламутнай вадзе.