Лукашэнка даручыў прыцягнуць у народныя дружыны былых вайскоўцаў і забяспечыць іх зброяй
Былы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узмацніць працу ў Беларусі народных дружын. Аб гэтым ён заявіў сёння, назначаючы новых памочнікаў па Гродзенскай, Брэсцкай абласцях і Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам трэба не фармальнай зрабіць працу народных дружын. Яны пачалі працаваць, але яшчэ ў поўную сілу не разгарнуліся. Вы бачылі, як было ў Кыргызстане: хаос найпоўны, усе сілавікі разбегліся, няма каму абараняць краіну. Хто ўзяў на сябе адказнасць? Народныя дружыны. Яны падцягнулі тых міліцыянтаў, што паразбягаліся, яны спецслужбы падцягнулі да сябе і вайскоўцаў. І стварылі магутныя народныя дружыны. І на працягу сутак пагасілі ўсе пажары", — адзначыў былы прэзідэнт.
Ён заявіў, што ў мабільныя атрады варта прыцягваць былых вайскоўцаў. "Паглядзіце, колькі зваротаў гэтых былых вайскоўцаў, афганцаў. Колькі мужыкоў, а жанчын..., яшчэ больш, чым мужыкоў: вазьміце нас, мы будзем у дружынах, мы будзем у атрадах, мы многае можам! Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых вайскоўцаў? Яны могуць нам выдатна дапамагчы. І трэба, каб кожны чалавек адчуў, што ён абараняе сваю сям'ю і сваю зямлю".