Лукашэнка загадаў «спыніць разбой» з высечкай дрэваў. Матолька: «Хацелася б верыць»

У Беларусі не раз здараліся канфлікты з нагоды ўшчыльнення забудовы, якое мясцовыя жыхары лічылі неабгрунтаваным

2551e4cd_e7dc_4627_8b21_08079fb2f79a_w1023_r1_s.jpg

Аляксандр Лукашэнка абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненнем забудовы і высяканнем дрэваў, перадае БелТА.

 

«Сродкі масавай інфармацыі, як бы яны вамі не былі прыкормленыя, усё часцей гавораць пра скандалы, пачынаючы ад Гомелю і заканчваючы Менскам, з насельніцтвам з нагоды зносу дрэваў, — казаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай праекту новага Жыллёвага кодэксу. — Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць. Замест таго, каб парк дзесьці закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?»

Кіраўнік Беларусі параіў чыноўнікам «перасяліцца ў гэты дом і жыць там, а побач пабудаваць гмах на 12 паверхаў, каб ваш дом апынуўся ў двары гэтага гмаха». «Абавязкова трэба канфлікт нейкі ўчыніць», — сказаў ён.

 

«Хто дазволіў ім абмяркоўваць знос нашага раёну?!»

«Хто дазволіў ім абмяркоўваць знос нашага раёну?!»

 «І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? — пытаў Лукашэнка. — Кожны чалавек імкнецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары спілавалі векавых дрэў і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць?.. Трэба спыніць гэты разбой! Ці бачыце, дрэва ўпадзе на дарогу. Ну, упадзе — прыбяром. Калі зыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах».

Таксама Лукашэнка расказаў, што даручыў сваёй службе бяспекі разабрацца з гэтым пытаннем, але атрымаў адказ, што пры ўшчыльненні і высечцы дрэваў у раёне Мінскага трактарнага заводу спасылаліся на тое, што па такой вуліцы Лукашэнка ездзіць, а па такой не, таму першую вуліцу чапаць нельга. Ён спытаў, ці наўмысна яго так падстаўляюць перад насельніцтвам, і дапусціў, што «можа быць, і [старшыня Мінгарвыканкаму] Шорац там за гэтым стаіць».

Лукашэнка загадаў разглядаць ягоныя словы як «жэстачайшае ўказанне наконт працы», бо «на людзей трэба трошкі звяртаць увагу». 

Матолька: «У шмат якіх краінах сочаць за станам дрэваў, а ў нас пасадзілі-абрэзалі-высеклі»

Актывіст і блогер Антон Матолька кажа Свабодзе, што тое, пра што казаў Лукашэнка, на дзіва адпавядае таму, што казаў ён сам і людзі ў сацсетках апошнія некалькі гадоў:

 

Антон Матолька на грамадскім абмеркаванні забудовы менскага раёну Асмалоўка

Антон Матолька на грамадскім абмеркаванні забудовы менскага раёну Асмалоўка

«Людзі, якім неабыякавы Менск, пастаянна казалі, што пры высяканні старых дрэваў высаджваюцца гэтыя дубчыкі 1-2 мэтры вышынёю. Праз кепскую экалогію і выкарыстанне рэагентаў гэтыя дрэвы ў даволі вялікай колькасці не прыжываюцца. Пра гэта казаў у тым ліку і Камітэт прыродных рэсурсаў Менску. Шматлікія мінчукі кажуць, што цэнтр гораду пазбаўляецца дрэваў у вялікай колькасці. І гэта відаць.

Ці будуць ад гэтага станоўчыя наступствы? Хацелася б верыць. Бо ў нас жа як: Лукашэнка скажа што-небудзь — і ўсе адразу пачынаюць выконваць. Даўно прапаноўвалі рабіць вялікія круглыя сталы аб праблеме азелянення ў горадзе, пра тое, дзе дрэвы высаджваюцца, як высаджваюцца, які адсотак прыжывальнасці.

 

Дрэвы ў парку Котаўка размалявалі ў крывавы колер

Дрэвы ў парку Котаўка размалявалі ў крывавы колер

Прапаноўваліся розныя варыянты, у тым ліку пасадка дрэваў буйных памераў, прапаноўвалася і паляпшэнне кантролю за іх станам. Тыя дакументы, што атрымліваюць на высечку дрэваў, больш-менш лагічныя: дрэва захварэла, высахла, яшчэ нешта. Але не праводзіцца аналіз, з якой гэта прычыны. У шмат якіх краінах сочаць за станам дрэваў, а ў нас пасадзілі-абрэзалі-высеклі. Вялікае пытанне, колькі на гэта траціцца грошай.

 Таму надзея хоць нейкая з’явілася, што на гэта хаця б звярнулі ўвагу. Мо спадар Шорац пасля такіх заяваў пачне хаця б візуальна працаваць у гэтай сферы».

 Ушчыльненнямі абураліся і грамадзяне, і Мінкульт

 У Беларусі не раз здараліся канфлікты з нагоды ўшчыльнення забудовы, якое мясцовыя жыхары лічылі неабгрунтаваным: у Менску масава пратэставалі супраць зносу Асмалоўкі, ушчыльнення Зялёнага Лугу, перасялення з Сельгаспасёлку, высечкі лесу ў Бараўлянах... Канфлікты адбываюцца не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах: напрыклад, жыхары Воршы пратэставалі супраць будаўніцтва дарогаў на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а жыхары Мазыра пагражалі легчы пад тэхніку, каб спыніць ушчыльненне.

Міністэрства культуры выказвала абурэнне з нагоды таго, што Мінгарвыканкам без згоды Мінкульту выносіць на грамадскае абмеркаванне праекты забудовы, якія могуць пагражаць гісторыка-культурным каштоўнасцям ці навакольнаму асяроддзю. Гаворка ішла пра ўшчыльненне «варотаў гораду» на Прывакзальнай плошчы Менску, супраць якога пратэставалі ад 2015 году.

Раней Міністэрства культуры адхрысцілася ад адказнасці за забудову пляцоўкі ля мемарыялу ў Курапатах — дэпутат Ігар Марзалюк наўпрост абвінавачваў Мінкульт у канфлікце будаўнікоў і актывістаў.

www.svaboda.org