Маці Дзмітрыя Гопты: Ён жыў толькі гэтым, чакаў памілавання

Дзмітрый Гопта, 22-гадовы гамяльчук, быў асуджаны на 2 гады калоніі за падзеі жніўня 2020 года ў Жлобіне. Хлопец мае псіхічнае захворванне, звязанае са значным парушэннем паводзін, што патрабуе догляду і лячэння, з-за гэтага мае разумовую адсталасць. Юрый Васкрасенскі яшчэ ўвосені 2021 года казаў, што справу Гопты разгледзяць хутка, прагназаваў, што Новы год Дзіма сустрэне дома. Але прагнозы Васкрасенскага не спраўдзіліся.

72ca18378147e5791fd80df26aa7ecff_gweif_rcu4a.jpg


«Я даведалася пра гэта ў суботу, 8 студзеня. Сын пазваніў з калоніі і кажа, што яму прыйшла адмова. Ліст з адмовай Дзіма атрымаў яшчэ 5 студзеня. Сёння перазваніла ў калонію, там пацвердзілі. Падрабязнасцей, чаму адмовілі, што там ды як — я нічога не ведаю», — кажа Вольга Гопта, маці Дзімы.


Яна кажа, сын успрыняў навіны вельмі цяжка.
«Дзіма рыдаў падчас званка, не мог спыніцца. Ён жыў толькі гэтым, чакаў гэтага памілавання, чакаў, што будзе дома», — скрозь слёзы расказвае Вольга.
Жанчына звязвалася з Васкрасенскім, але адказу, чаму адмовілі ў памілаванні, так і не атрымала.
«Як я зразумела, яны там і самі не ведаюць, чаму быў такі адказ.
Дзіму застаўся год. Бліжэйшае спатканнне, меркавана, недзе ў сакавіку. Будзем спрабоваць яго выцягнуць, спадзяюся, ён гэта ўсё неяк перажыве. Будзем пісаць зноў лісты, зноў на імя Лукашэнкі. Але чаго чакаць — я не ведаю, нічога не магу сказаць», — кажа Вольга Гопта.
«Наша Ніва»