Магіляўчанку аштрафавалі за бчб-жалюзі. Іх пастанавілі знішчыць

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Наталля Панасенка аштрафавала на 15 базавых велічыняў (435 рублёў) магіляўчанку Ірыну Брыль за  жалюзі бел-чырвона-белай афарбоўкі, што віселі ў яе на закрытым балконе.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Чарговы абсурдны суд прайшоў 12 лютага ў Магілёве паводле арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Прадметам правапарушэння суддзя Панасенка прызнала бел-чырвона-белыя жалюзі, якія амаль паўгода — з сярэдзіны жніўня 2020 года па 27 студзеня 2021 года — віселі на балконе сёмага паверха ў доме па вуліцы 30 гадоў Перамогі. Тым самым суддзя пагадзілася з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеным Ленінскім РАУС аб тым, што, вывесіўшы на балконе жалюзі такой расфарбоўкі, Ірына Брыль стала ўдзельніцай масавай акцыі, а менавіта не дазволенага ўладамі пікету. Каб спыніць правапарушэнне, міліцыянты нават правялі ператрус (верагодна, агляд. — НЧ) у кватэры, дзе пражывае так званая правапарушальніца са сваёй сям'ёй, выняўшы ў яе ноўтбук, тэлефон з зараднай прыладай, і, вядома, жалюзі.

irina_bril_pam.jpg


ФотаУладзіміра Лапцэвіча

Падчас судовага паседжання Ірына Брыль казала, што вывесіла ў жніўні такія жалюзі ў знак салідарнасці з удзельнікамі пратэстаў. І гэтыя жалюзі віселі не ў нейкім грамадскім месцы, дзе прымяняецца закон аб масавых мерапрыемствах, а ў кватэры.
Аднак, як вядома, у цяперашнія часы любы, хто візуальна дэманструе сваё меркаванне, будзе лічыцца ўдзельнікам масавай акцыі, калі вядома, гэта меркаванне не супадае з меркаваннем цяперашняй улады.
"У чым я вінаватая? Я не пайшла гуляць з гэтымі жалюзі па горадзе. Яны знаходзіліся на маёй тэрыторыі", — казала Ірына Брыль, адмовіўшыся падчас суда прызнаваць сваю віну.
Тым не менш суддзя Панасенка аштрафавала яе на 435 рублёў, жалюзі пастаноўлена знішчыць. Ірына Брыль заявіла аб намеры абскардзіць рашэнне суда.
Паводле Уладзіміра Лапцэвіча, 6tv.by