Уладальніку кветкавай крамы, шпіталізаванаму з РУУС у шокавым стане, стала горш
Максіму Харошыну, затрыманаму невядомымі 13 кастрычніка і дастаўленаму ў бальніцу ў цяжкім стане, стала горш. Раніцай ён не пазнаў сваю жонку Кацярыну. Таксама лекары выявілі прыкметы новых траўмаў, паведамляе Еўрарадыё.

“Яму стала горш уначы. Нават не пазнаваў раніцай мяне, — кажа Кацярына Харошына Еўрарадыё. — Лекары зрабілі яму нейкі ўкол, каб стала лягчэй. Перыядычна прыходзяць нейкія дактары. Сёння яму пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму і прызначылі дадатковыя даследаванні, бо праявіліся дадатковыя траўмы: ёсць болі ў пазванку, грудной клетцы, шыйным аддзеле”.

Па словах жонкі, адваката і самога Максіма, пры затрыманні супраць яго ўжывалі фізічную сілу, а ў Першамайскім РУУС збілі так, што давялося выклікаць медыкаў. Мужчына ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, дарыў кветкі жанчынам. Відэа, дзе відаць, як Харошын з цяжкасцю ідзе да хуткай, 13 кастрычніка атрымала шырокі розгалас. Другі дзень запар у кветкавую краму Максіма стаіць чарга пакупнікоў, каб падтрымаць яго.
“Гэта яму вельмі падымае настрой. Калі прыйшла [сёння], то ён быў не ў вельмі прыемным стане духу, але яму паказала [здымкі чаргі. — Еўрарадыё]. Мы вельмі ўдзячныя і хочам прыдумаць нешта, як прыйдзем у сябе, для людзей, якія ў такую непагадзь стаяць у такой чарзе”, — кажа Кацярына.

Як дадала Кацярына, яны з мужам плануюць на дзеянні сілавікоў падаць заяву ў Следчы камітэт. Цяпер над гэтым працуе адвакатка.
13 кастрычніка сталічная міліцыя пракаментавала сітуацыю з Максімам Харошыным: яго збіццё назвалі неправеранымі звесткамі.