Малады Фронт пачынае збор сродкаў для ТБМ
З-за значнага падвышэння коштаў арэнды Таварыства беларускай мовы апынулася ў вельмі складанай сітуацыі. У сувязі з гэтым, Малады фронт заклікае грамадзянскую супольнасць дапамагчы ТБМ.
— За гады кіравання Лукашэнкі гісторыя грамадзянскай супольнасці наўмысна пераўтвараецца ў гісторыю паразаў. Мы ня маем поспехаў, прастора для дзейнасьці ўвесь час змяншаецца. Любая актыўнасць выклікае яшчэ большы супраціў з боку дзяржавы. Але нам, як незалежнаму грамадству надзвычай важна мець перамогі. Неабходна дасягаць вынікаў, дэманстраваць еднасць, — гаворыцца ў закліке МФ.
Мы маем падобныя прыклады. Пасля падзеяў 19 снежня альбо масавых арыштаў удзельнікаў “маўклівых пратэстаў” людзі прадэманстравалі здольнасць арганізаваць дапамогу рэпрэсаваным. Аднак, трэба ўмець ствараць такія кампаніі ня толькі тады, калі людзі сядзяць у турмах.
Сёння Таварыства беларускай мовы апынулася ў няпростай сытуацыі. Кошты арэнды падвысіліся і для арганізацыі праблематычна далей утрымоўваць офіс. ТБМ дваццаць год працуе на карысьць нашай беларускай мовы. Гэта не палітычная партыя ці рух, да якіх у кожнага могуць быць пытаньні.
Дапамагчы ТБМ — справа нашага гонару і магчымасьць атрымаць перамогу, важную ў час, калі такіх перамогаў амаль няма.
Малады Фронт пачынае кампанію па збору сродкаў. Пералічыць грошы можна праз любое аддзяленьне Белпошты, на рахунакі Webmoney: B113622712368 (беларускія рублі), E283244759093 (эўра), B113622712368 (даляры).
Гэтаксама ў бліжэйшы час мы правядзем шэраг канцэртаў і іншых мерапрыемстваў у падтрымку ТБМ. Мы заклікаем далучацца да нас.
Па інфармацыі прэс-службы МФ