Маладыя берасцейцы маліліся «за тое, што адбываецца ў Беларусі»
Супольная малітва прайшла сёння зрання. Месцам быў абраны помнік Берасцейскай Бібліі, усталяваны нядаўна ў двары абласной бібліятэкі, бліжэй да вуліцы Пушкінскай, насупраць галоўнага будынка ўніверсітэта імя Пушкіна.
![mali_blija_logo.jpg mali_blija_logo.jpg](/img/v1/images/mali_blija_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Мы не можам быць там, – сказаў адзін з удзельнікаў супольнасці. – Молімся за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. За добры сыход падзей апошняга часу».
Маладым людзям ніхто не замінаў. Прайшоў міма выкладчык з рэпутацыяй інфарматара ды праехаў грузавік у колерах расійскага сцяга з кампаноўкай кузава як у аўтазака. Праз вакно было бачна, што туды накідалі крыху друзу ды старой мэблі.
Выкладчыкі ўніверсітэту не акрэсліліся. Варта нагадаць, што ў 1990-я да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і ў першыя гады яго ад пачатку скандальнага прэзідэнцтва ва ўніверсітэце, якому на той час прыбралі прыдомак «імя Пушкіна», больш за сто выкладчыкаў і супрацоўнікаў паспелі перайсці ў незалежны прафсаюз настаўнікаў. Праз некалькі гадоў ён быў разагнаны, а яго чальцы рэпрэсаваныя. Многія пазбавіліся працы.
Фота аўтара