Масавыя затрыманні пенсіянераў
Раніцай 23 чэрвеня ў Бабруйску і Мінску адбыліся затрыманні пенсіянераў — актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры раніцай 23 чэрвеня 2016 году
Разам з іншымі актывістамі ініцыятывы з розных рэгіёнаў краіны яны планавалі сабрацца на сталічнай плошчы Свабоды а 10:00, каб падчас V Усебеларускага народнага сходу, што праводзіцца ў Палацы Рэспублікі, перадаць галаве дзяржавы свой чарговы ліст наконт адпісак чыноўніцтва на звароты грамадзянаў у органы суду і пракуратуры, а таксама ў іншыя дзяржаўныя структуры.
Прыкладна а палове шостай раніцы ў Бабруйску былі затрыманыя міліцыянтамі муж і жонка Аляксандр і Валянціна Каваленкі. А палове дзясятай раніцы каля ляснога ўрочышча Курапаты ў Мінску невядомымі мужчынамі ў спартовай форме была затрыманая юрыстка і праваабаронца Тамара Сяргей. Яшчэ адну актывістку ініцыятывы, бабруйчанку Любоў Санкевіч, міліцыянты таксама хацелі затрымаць, аднак яна адмовілася адчыняць дзверы сваёй кватэры.

Тым часам на плошчы Свабоды сабраліся пяць пенсіянераў — актывістаў ініцыятывы з Мінску. Гэтыя людзі паджылога веку знаходзіліся ў атачэнні вялікай колькасці невядомых спартовага выгляду ў цывільным з рацыямі.
У інтэрвью карэспандэнту НЧ адна з актывістак інцыятывы Людміла Канановіч назвала адбыўшыяся затрыманні грамадзянаў парушэннем правоў чалавека. Паводле словаў жанчыны, яе дачку — доктара-хірурга, нягледзячы на заключэнні 18 экспертаў – псіхолагаў і псіхіатраў, у 2012 годзе незаконна пазбавілі дзеяздольнасці. «На сённяшні дзень мая дачушка прайшла сем экспертыз, якія сведчаць, што яна дзеяздольны чалавек, можа разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі, аднак мы не можам дамагчыся праўды ў судах і пракуратуры», — сказала спадарыня Людміла.

Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры на плошчы Свабоды ў Мінску падчас пікетавання 31 сакавіка 2016 году
Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры існуе ўжо дзясяты год. Яе актывісты бароняць не толькі свае парушаныя правы, але і правы сваіх родных і блізкіх. У знак пратэсту супраць таго, што кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у апошнія гады адмаўляе ў прыёме актывістам ініцыятывы, яны праводзяць несанкцыянаваныя пікетаванні. За гэта пенсінераў караюць адміністрацыйнымі штрафамі.