Меркаванне: Чаму бацюшкі і ваенрукі не «навядуць парадак» у школах
Гісторык Аляксандр Пашкевіч пра тое, чаму палітызацыя адукацыі скончыцца чарговай імітацыяй.
— Па-мойму, адчайныя спробы рэжыму стварыць сабе, апрача
сілавога тэрору, яшчэ і нейкія ідэалагічныя падпоркі шляхам палітызацыі
адукацыі ды закідання ў школы ды ВНУ дэсантаў з ідэолагаў, ваенрукаў і бацюшак,
асуджаныя на паразу апрыёры, — піша гісторык Аляксандр Пашкевіч. — Ідэйная
«ябацькізацыя» грамадства немагчымая хоць бы таму, што ў рэжыму банальна няма ў
арсенале жывой ідэалогіі.
Прытым яе, па сутнасці, не было ўсе гады існавання рэжыму, і
сам лідар рэжыму ў парыве шчырасці неаднаразова гэта ў ранейшыя гады
прызнаваў.
І стварыць яе, менавіта жывую, калі не ўдавалася гэтага
раней, цяпер тым больш без шанцаў. Можна толькі займацца імітацыяй, якасць
кантэнту замяняючы колькасцю. Але індактрынацыя так не працуе — што проста
дзяўбі мазгі рознымі анахранізмамі з ранку да вечара, і на выхадзе атрымаеш
належны вынік.
Каб некага нечым запаліць, глашатаі ідэі павінны самі ў яе
шчыра верыць. Калі не ва ўвесь комплекс, то, прынамсі, у асобныя элементы. Чаго ў
нас яўна няма і ўжо не будзе.
Колішнія жывыя ідэалогіі, ад якіх у пэўны момант засталася
адна абалонка, могуць яшчэ нейкі час даволі плённа працаваць па інерцыі,
абапіраючыся на грунтоўную старую базу, закладзеную папярэднімі пакаленнямі.
Так працавала, напрыклад, ужо фактычна выраджаная
камуністычная ідэя ў 1980-я гады, калі маё пакаленне, якое акурат тады пайшло ў
школу, яшчэ яе прымала больш-менш усур’ёз. Але стварыць жывую і дзейную
ідэалогію не на ўздыме сістэмы, а падчас яе відавочнага крызісу, немагчыма.
Прынамсі, я такіх выпадкаў у гісторыі не ведаю.
Паводле «Салідарнасці».